Грэчыха і Канцавы сталі гульцамі БАТЭ



Кантракты з БАТЭ заключылі 23-гадовыя паўабаронца Дзяніс Грэчыха і нападнік Арцём Канцавы, якія ў адыходзячым годзе выступалі за менскае „Дынама”, паведамляе прэс-служба барысаўчан.
Абодва футбалісты нарадзіліся ў Магілёве. Дзяніс – выхаванец футбольнай школы магілёўскага „Дняпра”, Арцём – магілёўскай СДЮШАР-7. Яны правялі па 3 матчы за зборную Беларусі. Акрамя таго, Грэчыху і Канцавога другі сезон запар уключылі ў сімвалічныя зборныя 22 лепшых футбалістаў чэмпіянату.

Хакеісты менскага „Дынама” прайгралі „Северсталі”

Хакеісты менскага „Дынама” ў рамках чэмпіянату КХЛ прымалі прымалі на хатняй арэне клуб „Северсталь” з Чарапаўца. „Зубры” саступілі гасцям з лікам 3:4. Пры гэтым дзве шайбы ў брамку дынамаўцаў закінулі беларускія хакеісты „Северсталі” — форвард Аляксандр Сувораў і абаронца Павел Дзянісаў. У складзе «зуброў» шайбы закінулі Раян Спунэр, Уладзімір Алістраў і Шон Лаланд. „Дынама” засталося на 7-м радку Заходняй канферэнцыі КХЛ. У падначаленых Крэйга Вудкрафта 42 балы. Наступны матч „зубры” правядуць супраць лепшай каманды лігі – піцерскага СКА, сустрэча на „Мінск-Арэне” пройдзе 8 снежня.

Хакеісты „Шахцёра” ўмацавалі лідарства ў беларускай экстралізе

Трыма матчамі ў Менску, Гомелі і Лідзе працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. У цэнтральным матчы дня сустрэліся каманды з топ-3 экстралігі – „Гомель” і „Шахцёр”. На кожны з перыядаў гульні прыпала па адной закінутай шайбе: у стартавай трэці „рысі” выйшлі наперад, у наступным адрэзку госці зраўнялі лічбы, а ў трэцяй 20-хвілінцы перамогу салігарчанам прынёс Аляксандр Жыдкіх – 2:1.
Самы выніковы паядынак вечара выдалі „Юнацтва” і „Дынама-Маладэчна”. Пасля двух перыядаў менчане вялі з лікам 5:3, але ўмудрыліся страціць перавагу ў заключнай трэці. У выніку маладэчанцы, якія перавялі матч у авертайм толькі за 3 секунды да сірэны, вырвалі перамогу ў серыі булітаў – 6:5. У яшчэ адной гульні панядзелка аршанскі „Лакаматыў” у гасцях упэўнена разабраўся з „Лідай” – 4:1.

„Мінск” прайграў ў Адзінай лізе ВТБ

Баскетбалісты „Мінска” пацярпелі чарговую паразу ў матчах рэгулярнага сезона Адзінай лігі ВТБ.
На паркеце менскага Falcon Club падначаленыя Расціслава Вергуна ўступілі клубу „Пары Ніжні Ноўгарад” 57:68. У першым крузе спаборніцтваў менчане прайгралі ніжагародскім баскетбалістам на іх пляцоўцы з лікам 67:84. У актыве беларускай дружыны ўсяго адна вікторыя ў 13 праведзеных матчах.

Беларускія шахматысты змогуць выступаць пад сцягам FIDE да 2024 года

Беларускія і расейскія спартоўцы змогуць выступаць пад сцягам Міжнароднай шахматнай федэрацыі (FIDE) да канца наступнага года. Папярэдні дазвол на ўдзел у міжнародных турнірах для беларусаў і расейцаў дзейнічаў да 31 снежня. Раней FIDE забараніла зборным Беларусі і Расеі ўдзельнічаць у спаборніцтвах пад эгідай федэрацыі, але дапусціла спартоўцаў абедзвюх краін да выступаў ў міжнародных турнірах у нейтральным статусе.

Беларускае Радыё Рацыя