Івашка прайграў у 1/32 фіналу турніру ў Барселоне
Беларускі тэнісіст 61-ы нумар сусветнага рэйтынгу Ілля Івашка завяршыў выступы на турніры катэгорыі АТР-500 у іспанскай Барселоне з прызавым фондам 2 мільёны 700 тысяч еўра.
У першым раундзе беларус прайграў у двух сэтах партугальцу Нуна Боргесу – 2:6, 3:6. Сустрэча працягвалася 1 гадзіну 28 хвілін.
Лепшая беларуская тэнісістка Арына Сабаленка, якая займае другое месца ў сусветным рэйтынгу, на гэтым тыдні згуляе на турніры катэгорыі WTA-500 у нямецкім Штутгарце з прызавым фондам 780 тысяч даляраў.
Полаз прызнаны лепшым гульцом 4 тура чэмпіянату Беларусі
Хаўбек „Славіі” Уладзіслаў Полаз стаў лепшым гульцом 4 тура вышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі. У матчы супраць „Смаргоні” 21 гадовы паўабаронца вызначыўся дублем.
„Ліверпуль” з разгромным лікам перамог „Лідс”
У матчы 31-га тура чэмпіянату Англіі „Лідс Юнайтэд” разгромна прайграў „Ліверпулю” 1:6. На 35-й хвіліне нападнік „Ліверпуля” Кодзі Гакпо адкрыў лік у матчы. На 39-й хвіліне Махамед Салах падвоіў перавагу гасцей.
У пачатку другога тайма Луіс Сіністэра адквітаў адзін мяч, перакінуўшы Алісана пасля памылкі Конатэ, але чырвоныя хутка вярнулі камфортную перавагу. На 52-й хвіліне ўпершыню пасля доўгай паўзы вызначыўся форвард «Ліверпуля» Жота. На 64-й хвіліне Махамед Салах аформіў дубль, а на 73-й хвіліне дубль аформіў і Дыегу Жота. Кропку ў гульні паставіў Дарвін Нуньес. Прапусціўшы 11 мячоў у двух апошніх гульнях, абарона „Лідс Юнайтэд” стала горшай у чэмпіянаце Англіі.
„Лідс Юнайтэд” у 31 матчы набраў 29 ачкоў і займае ў турнірнай табліцы 16-е месца. „Ліверпуль” ідзе восьмым, набраўшы 47 ачкоў у 30 гульнях. Адставанне ад першай чацвёркі складае дзевяць ачкоў.
Трэнерскі штаб менскага „Дынама” працуе са зборнай Беларусі
Павел Перапехін, Аляксандр Андрыеўскі і Дзмітрый Жураўскі прынялі ўдзел у трэніроўцы нацыянальнай зборнай Беларусі.
Раней у трэнерскім штабе „нацыяналкі” на чале Дзмітрыя Квартальнава быў аб’яўлены толькі Павел Перапехін і Андрэй Мезін.
Астатнія спецыялісты адпрацоўваюць кантракт да 30 красавіка.
Шаранговіч знаходзіцца ў чацвёртым звяне ратацыі перад плэй-оф Кубка Стэнлі
Беларускі хакеіст Нью-Джэрсі Ягор Шаранговіч не трапіў у асноўны склад каманды на чарговай трэніровачнай сесіі.
Форвард знаходзіцца ў чацвёртым ратацыйным звяне разам з Керцісам Лазарам. У 75 матчах рэгулярнага чэмпіянату ў Шаранговіча 30 (13+17) ачкоў пры паказчыку карыснасці „-3”.
Нагадаем, што плэй-оф Кубка Стэнлі для „д’яблаў” пачнецца ноччу паядынкам супраць „Нью-Ёрк Рэйнджэрс”.
Украінскім спартоўцам забаранілі спаборнічаць з расейцамі і беларусамі
Міністэрства моладзі і спорту Украіны адмысловай пастановай забараніла сваім спартоўцам выступаць у спаборніцтвах з расейскімі і беларускімі гульцамі. Дакумент апублікаваў у сацыяльных сетках алімпійскі чэмпіён па барацьбе, дэпутат Жан Беленюк. Указ уведзены ў мэтах „узмацнення мер па прадухіленні прапаганды ваеннай агрэсіі” Расеі супраць Украіны ў міжнародным спорце. Ён таксама заклікае чыноўнікаў адмовіцца ад „камандзіровак” пры ўдзеле расейскіх і беларускіх спартоўцаў і заклікае ўсе нацыянальныя федэрацыі „кантраляваць магчымы ўдзел” спартоўцаў з Расеі і Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя