„Капенгаген” і „Будзе-Глімт” перамаглі ў першых матчах плэй-оф Лігі чэмпіёнаў
Футбалісты дацкага „Капенгагена” і нарвежскага „Будзё-Глімта” святкавалі перамогі ў першых стыкавых матчах за выхад у групавы этап Лігі чэмпіёнаў. У сталіцы Даніі гаспадары перайгралі гасцей з турэцкага клуба „Трабзанспор” з мінімальнай перавагай у ліку – 2:1. Чэмпіёны Нарвегіі на хатняй арэне таксама дамагліся мінімальнай перавагі, адолеўшы харвацкае „Дынама” – 1:0. Яшчэ ў адным паядынку шатландскі „Глазга Рэйнджэрс” на сваім полі згуляў унічыю з нідэрландскім ПСВ – 2:2.
Яшчэ тры матчы пройдуць сёння. У Баку чэмпіён Азербайджана „Карабах” з Агдама прыме чэшскую „Вікторыю”. Кіеўскае „Дынама” ў польскім горадзе Лодзь будзе супернічаць з партугальскай „Бенфікай”, а ў ізраільскай Хайфе мясцовы „Макабі” згуляе з сербскай „Црвенай Звездай”.
„На дадзеным этапе ў нас няма для вас інфармацыі”. Ва УЕФА адказалі на пытанне аб трансляцыях Лігі чэмпіёнаў у Беларусі
Прэс-служба УЕФА адказала на пытанне pressball.by аб магчымасці трансляцыі матчаў групавога раунда Лігі чэмпіёнаў у Беларусі.
Карэспандэнт pressball.by пацікавіўся, ці ёсць інфармацыя аб даступнасці трансляцый на каналах Беларускай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі або UEFA.tv для грамадзян Беларусі. Кіраўнік БДТРК Іван Эйсмант раней адзначаў, што Лігі чэмпіёнаў на „Беларусь 5” у новым сезоне, хутчэй за ўсё, не будзе з-за еўрапейскіх санкцый.
„Іслач” аформіла трансфер Івана Дыбанга ў эстонскую „Левадзію”
„Іслач” прадала аднаго з лідэраў каманды Івана Дыбанга, заключыўшы выгадную здзелку з эстонскай „Левадыяй”, паведамляе прэс-служба „ваўкоў”. Падрабязнасці здзелкі не паведамляюцца. У клубе з Мінскага раёна камерунскі абаронца правёў 49 матчаў: у яго актыве 5 галоў і 9 выніковых перадач. Па выніках мінулага сезона Дыбанга быў рэкардсменам каманды па колькасці гульнявога часу.
Азаранка і Жабер выйшлі ў 1/8 фіналу парнага разраду на турніры ў Цынцынаці
Вікторыя Азаранка і Онс Жабер выйшлі ў 1/8 фіналу парнага разраду на турніры ў Цынцынаці. У матчы 1/16 фіналу беларуска-туніскі дуэт у двух сэтах перайграў пару Сюко Аояма (Японія) / Чань Хао-Чын (Тайвань) — 6:3, 6:3.
Уладальнік Кубка Стэнлі Седрык Пакет падпісаў кантракт з менскім „Дынама”
Аднагадовы кантракт з менскім хакейным „Дынама” падпісаў нападнік Седрык Пакет, паведамляе афіцыйны сайт КХЛ. У мінулым сезоне Пакет гуляў за „Манрэаль”. Ён правёў 24 матчы ў НХЛ і набраў 2 (0+2) ачкі. У яго актыве таксама 28 гульняў у АХЛ, у якіх ён вызначыўся 17 (13+4) баламі. У 2020 годзе Пакет выйграў Кубак Стэнлі ў складзе „Тампы”.
На адкрытым чэмпіянаце Беларусі па лёгкай атлетыцы разыгрываецца 46 камплектаў узнагарод
На галоўнай спартовай арэне краіны менскім стадыёне „Дынама” стартуе адкрыты чэмпіянат Беларусі па лёгкай атлетыцы, які працягнецца тры дні. Уваход вольны, паведамляе БЕЛТА. Нацыянальнае першынства адкрыецца аматарскімі забегамі ў мужчын і жанчын на 10 000 м, а потым на гэтую ж дыстанцыю выйдуць суіскальнікі ўзнагарод чэмпіянату Беларусі. Усяго яго ўдзельнікі разыграюць 46 камплектаў узнагарод – па 23 у мужчын і жанчын.
60 тысяч гледачоў прыйшлі паглядзець на чэмпіянат Еўропы па лёгкай атлетыцы
На Алімпійскім стадыёне ў Мюнхене прайшоў другі дзень чэмпіянату Еўропы па лёгкай атлетыцы. Яго вячэрняя праграма сабрала на трыбунах арэны каля 60 тысяч гледачоў пры агульнай умяшчальнасці стадыёна 69 250 месцаў. Напярэдадні кідальніца молата ўкраінка Ірына Клімец кваліфікавалася ў фінал.
У кваліфікацыі спаборніцтваў яна паказала вынік 67,87 метра. Гэты вынік стаў восьмым у першай адборавай групе.
І дазволіў ёй выйсці ў фінал, які пройдзе сёння.