„Караліна” скарысталася адсутнасцю Шаранговіча і разграміла „Нью-Джэрсі”
У другім матчы серыі плэй-оф другога раунда Кубка Стэнлі „Караліна” разграміла „Нью-Джэрсі” 6:1. Беларускі нападнік Ягор Шаранговіч удзелу ў гэтай гульні не прымаў, не трапіўшы ў заяўку сваёй каманды. Лік у серыі стаў 2:0 на карысць «Караліны».
СКА і „Мяшкоў Брэст” сталі фіналістамі Кубка Беларусі па гандболе
Гандбалісты менскага СКА і клуба „Мяшкоў Брэст” сталі фіналістамі 27-га розыгрышу Кубка Беларусі сярод мужчынскіх каманд, які праходзіць у Берасці. Пераможцы папярэдняга кубкавага турніру сталічныя армейцы ў першым паўфінале перамаглі гандбалістаў „Гомеля” 37:30. У другім матчы за выхад у фінал „Мяшкоў Брэст” узяў верх над менскім БДУФК-СКА 38:30. Такім чынам, сёння на пляцоўцы берасцейскага спарткомплексу „Вікторыя” гандбалісты СКА і „Мяшкоў Брэст” паспрачаюцца за галоўны трафей, а „Гомель” і „Машэка” вызначаць уладальніка бронзы.
„Рубон” скараціў разрыў у 1/2 фіналу чэмпіянату Беларусі
Баскетбалісты віцебскага „Рубона” скарацілі адставанне ад „Мінска” ў паўфінале мужчынскага чэмпіянату Беларусі. У трэцім матчы паўфінальнай серыі віцябляне здолелі перайграць на сваёй арэне дзейных чэмпіёнаў краіны 84:81. У дзвюх першых сустрэчах 1/2 фіналу на пляцоўцы менчан „Рубон” пацярпеў дзве паразы – 102:78 і 85:67. Супернікі зноў сустрэнуцца ў Віцебску.
У другой паўфінальнай серыі баскетбалісты „Гродна-93” выйграюць у магілёўскага „Барысфена” – 2:1. Сёння каманды зноў сустрэнуцца ў Гародні.
„Тарпеда-БелАЗ” выйшла на другое месца ў чэмпіянаце Беларусі
У пятніцу стартаваў 7-ы тур чэмпіянату Беларусі па футболе ў вышэйшай лізе. „Славія” ў гасцях абыграла „Іслач” — 1:0. Адзіны гол забіў Андрэй Кобец. „Тарпеда-БелАЗ” і „Слуцк” згулялі ўнічыю 1:1 . Лік на 21-й хвіліне адкрыў Ігар Заяц, на 67-й яго зраўняў Яўген Шаўчэнка. Жодзінцы выйшлі на другое месца ў турнірнай табліцы. Сёння, 6 траўня, згуляюць берасцейскае „Дынама” і гарадзенскі „Нёман”, „Белшына” і БАТЭ, „Мінск” і „Гомель”, у нядзелю сустрэнуцца менскае „Дынама” і „Шахцёр”, а таксама „Смаргонь” з „Нафтанам”.
Месі папрасіў прабачэння за паездку ў Саудаўскую Аравію
Ліянэль Месі папрасіў прабачэння перад сваім клубам «Пары Сен-Жэрмен» за паездку ў Саудаўскую Аравію. Раней стала вядома, што парыжскі клуб адхіліў аргенцінскага футбаліста на два тыдні за паездку на Блізкі Усход без дазволу. У сацыяльнай сетцы Месі апублікаваў зварот у сувязі з гэтай сітуацыяй.
«Думаў, што нам дадуць выходны пасля гульні, як гэта заўсёды і было. Арганізаваў паездку і не мог яе адмяніць, таму што раней ужо даводзілася яе адмяняць. Прыношу прабачэнні маім партнёрам па камандзе і чакаю рашэння клуба», — сказаў футбаліст. З-за адхілення славуты футбаліст мусіць прапусціць матчы сваёй каманды супраць клубаў «Труа» і «Аяча». Раней з’яўлялася інфармацыя, што трэнер «ПСЖ» Крыстоф Гальцье хоча, каб Месі гуляў за клуб пасля адхілення. Скандал разгарэўся з-за таго, што Ліянэль Месі накіраваўся ў Саудаўскую Аравію пасля прайгранай гульні чэмпіянату Францыі, а меў ён права так рабіць толькі ў выпадку перамогі ці нічыі.
Беларускае Радыё Рацыя