Хакеісты менскага „Дынама” абыгралі яраслаўскі „Лакаматыў”



Хакеісты менскага „Дынама” абыгралі яраслаўскі „Лакаматыў” у матчы чэмпіянату КХЛ. Паядынак завяршыўся на карысць падначаленых Крэйга Вудкрафта ў авертайме з лікам 2:1. У першым перыядзе гледачы закінутых шайбаў не ўбачылі. Другі перыяд пачаўся з хуткай атакі дынамаўцаў, якую дакладным кідком завяршыў Брэндан Козун, для якога гэтая шайба стала 100-й у матчах КХЛ і 7-й у сямі апошніх паядынках мінчанаў, што стала клубным рэкордам. У трэцім перыядзе вызначыўся Ягор Каршкоў. Зрэшты, у беларускай каманды таксама былі добрыя моманты, але дамагчыся выйгрышу ў асноўны час паядынку падначаленыя

Крэйга Вудкрафта не змаглі. А вось у авертайме „зубры” даціснулі супернікаў дзякуючы дакладнаму кідку Ягора Шаранговіча. Наступны матч „зубры” правядуць на „Менск-Арэне” 26 лістапада. Супернікам беларускай дружыны стануць хакеісты падмаскоўнага „Віцязя”.

Беларускія баксёры з перамогі пачалі выступы на міжнародным турніры ў Менску

Беларускія баксёры з перамогі пачалі выступы на міжнароднай матчавай сустрэчы ў Менску, прысвечанай памяці Героя Савецкага Саюза Віктара Лівенцава. У першым паядынку беларуская дружына выйграла ў супернікаў з Украіны з лікам 7:5. Пераможныя балы для айчынных майстроў скураной пальчаткі зарабілі Галіна Бруевіч, Максім Панькоў, Дзмітрый Дзяшкевіч, Дзмітрый Асанаў, Аляксандр Радзівонаў, Аляксандр Халаеў і Уладзіслаў Смяглікаў. Камандны фармат турніру памяці Віктара Лівенцава выбраны сёлета для таго, каб лідэры зборнай Беларусі, якія рыхтуюцца да адбору на Гульні ў Токіо, атрымалі баявую практыку.

«Барселона» без Месі разграміла кіеўскае «Дынама»

Адбыліся чарговыя матчы групавога этапу Лігі чэмпіёнаў. У цэнтры ўвагі былі гульні піцерскага «Зеніта» і кіеўскага «Дынама», якім трэба было згуляць з «Лацыё» і «Барселонай» адпаведна. На матч у Кіеў не паляцелі такія зоркі «Барсы» як Месі, Піке і Дэ Ёнг, аднак і такога складу каталонцам хапіла для разгрому гаспадароў з лікам 4:0. Усе галы былі забітыя ў другім тайме – вызначыліся Дэст, затым двойчы Брэйсуэйт, які таксама рэалізаваў пенальці, а давяршыў разгром Антуан Грызман, які выйшаў на замену. Піцерскі «Зеніт» на сваім полі саступіў рымскаму «Лацыё» 1:3, адзіны мяч за расейскую каманду забіў Арцём Дзюба, пакуль пазбаўлены капітанскай павязкі. Піцерцы страцілі шанцы на выхад у плэй-оф. «Краснадар» саступіў у дадазены да гульні час іспанскай «Севільі» – 1:2. Беларускі капітан „быкоў” Аляксандр Мартыновіч адыграў „ад званка да званка”. Французскі «Рэн» прайграў лонданскаму «Чэлсі» – 1:2; дортмундская «Барусія» разграміла бельгійскі «Бруге» 3:0, а «Манчэстар Юнайтэд» не пакінуў шанцаў турэцкаму «Башакшэхіру» – 4:1; мінімальных перамог дамогся «ПСЖ» над «РБ Лейпцыг» – 1:0 і «Ювентус» над «Ференцварашам» – 2:1.

Карлас Тэвес завершыць кар’еру ў 36 гадоў

Форвард „Бока Хуніёрс” Карлас Тэвес у бліжэйшы час завершыць кар’еру гульца. Тэвес павесіць буцы на цвік пасля вылету яго клуба з розыгрышу Кубка Лібертадорэс. На дадзены момант каманда працягвае выступы у турніры. У матчы 1/8 фіналу „Бока” сустрэнецца з бразільскім „Інтэрнасьёналь”. 36-гадовы Тэвес выступаў за „Бока Хуніёрс”, бразільскі „Карынціанс”, англійскія клубы „Вэст Хэм”, „Манчэстар Юнайтэд”, „Манчэстар Сіці”, італьянскі „Ювентус” і кітайскі „Шанхай Шэньхуа”. Нападнік тройчы выйграваў чэмпіянат Англіі, станавіўся ўладальнікам Кубка Англіі, Кубка ангельскай лігі і Суперкубка Англіі. У складзе „Манчэстар Юнайтэд” Тэвес выйграў Лігу чэмпіёнаў у сезоне-2007/08 і клубны чэмпіянат свету-2008. Ён таксама з’яўляецца двухразовым чэмпіёнам Італіі. За зборную Аргентыны гулец правёў 76 матчаў, у якіх забіў 13 мячоў.

Беларускае Радыё Рацыя