Хакеісты „Нёмана” зраўнялі лік у паўфінале плэй-оф



У беларускай хакейнай экстралізе працягваецца паўфінальная стадыя плэй-оф. Другім удзельнікам фіналу у чацвер магло стаць сталічнае „Юнацтва”, якое вяло ў паўфінальнай серыі да чатырох перамог супраць „Нёмана” з лікам 3:2. Шосты матч супрацьстаяння прайшоў на лёдзе сталічнай „Чыжоўка-Арэны”. Хакеісты абедзвюх каманд абыходзіліся без закінутых шайбаў на працягу двух перыядаў. Першую шайбу гледачы ўбачылі толькі ў пачатку трэцяй 20-хвілінкі, калі Андрэй Паўленка вывеў „Юнацтва” наперад. Праз тры хвіліны лічбы на табло зраўняў Даніла Паліўка. У выніку сустрэча перайшла ў авертайм, дзе перамогу гасцям з лікам 2:1 прынёс Арцём Кіслы. Такім чынам, „Нёман”, які прайграў тры паядынкі запар на старце серыі, у трох наступных матчах святкаваў вікторыі і аднавіў парытэт у супрацьстаянні. Вырашальная сёмая гульня паміж камандамі адбудзецца заўтра ў Гародні. Пераможца гэтай пары выйдзе ў фінал, куды ўжо прабіўся жлобінскі „Металург”, які адолеў у сваім паўфінале салігорскі Шахцёр 4:1.

„Алімпія” выйграла ў „Менска” ў першым матчы паўфінальнай серыі чэмпіяната Беларусі

Гарадзенская „Алімпія” на сваёй пляцоўцы адолела „Менск” у першым паядынку паўфіналу чэмпіянату Беларусі — 81:70.

Сустрэча ў адказ пройдзе ў Гародні 8 красавіка.

Раней у сваёй пары „Гарызонт-Менск” разграміў „Гомельскіх рысяў”.

Азаранка выбыла з тэніснага турніру ў Чарльстане

18-ы нумар WTA беларуска Вікторыя Азаранка на тэнісным турніры ў амерыканскім Чарльстане прайграла 70-й ракетцы планеты расіянцы Ганне Калінскай у 1/8 фіналу. Паядынак працягваўся дзве гадзіны і адну хвіліну. Беларуска саступіла ў двух сэтах — 4:6, 6:7. Яшчэ адна беларуская тэнісістка Ірына Шымановіч  разам з расіянкай Ірынай Храмачовай выйшлі ў паўфінал парнага турніру ВТА ў калумбійскай Багаце. У чвэрцьфінале дуэт адолеў амерыканку Куін Глісан і францужанку Эліксан Лечэмію — 4:6, 6:2, 10:8.
Матч працягваўся 1 гадзіну 28 хвілін.

Рэкіш дэбютаваў за грузінскую „Гурыю” і вызначыўся голам

Беларускі хаўбек Дзмітрый Рэкіш забіў гол у дэбютным матчы за „Гурыю” ў другім грузінскім дывізіёне. 34-гадовы паўабаронца вызначыўся на сёмай кампенсаванай хвіліне першага тайма, аднак гэта не дапамагло адолець „Горы” 1:2. Раней Рэкіш выступаў у Грузіі за „Тарпеда” з Кутаісі, „Самтрэдыю” і „Тэлаві”.

Беларускае Радыё Рацыя