Хакеісты „Шахцёра” ўмацавалі лідарства ў беларускай экстралізе
Трыма матчамі ў Берасці, Салігорску і Маладзечне працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі.

У Салігорску сышліся першая і другая каманды бягучага сезона „Шахцёр” і „Нёман”. Як і чакалася, паядынак лідэраў прайшоў на роўных, асноўны час гульні скончыўся ўнічыю 1:1. Авертайм у фармаце 3 на 3 таксама не вызначыў пераможцу, а серыя булітаў лепш удалася гульцам салігорскай каманды. У выніку – 2:1, „Шахцёр” выйграў 5-ю гульню запар, „Нёман” пацярпеў 3-ю няўдачу ў апошніх гульнях. У паралельнай сустрэчы „Лакаматыў” у гасцях перайграў „Брэст” з лікам 4:1. Таксама адносіны высвятлялі каманды з ніжняй часткі табліцы „Дынама-Маладзечна” і „Хімік”, мацнейшымі ў гэтым супрацьстаянні апынуліся дынамаўцы 5:3.
„Нью-Джэрсі” ўпэўнена перайграў „Дэтройт”, Шаранговіч балаў не набраў
У паядынку рэгулярнага сезона НХЛ „Нью-Джэрсі” на выездзе ўзяў верх над „Дэтройтам” 5:1. Беларускі нападнік Ягор Шаранговіч правёў на лёдзе 11 хвілін 27 секунд, за якія ніяк сябе не праявіў, паказчык карыснасці „0”.
Канадцы і чэхі згуляюць у фінале МЧМ-2023
Завяршыліся абедзве паўфінальныя бітвы на маладзёжным чэмпіянаце свету па хакеі ў элітным дывізіёне. За тытул паспрачаюцца гаспадары турніру канадцы, якія ўзялі верх над амерыканцамі 6:2, і прадстаўнікі Чэхіі, якія крыху раней у авертайме абыгралі шведаў 2:1.
„Мінск” прайграў „Зеніту” ў ВТБ
Баскетбалісты „Мінска” пацярпелі чарговую няўдачу ў матчах рэгулярнага чэмпіянату Адзінай лігі ВТБ. Чэмпіёны Беларусі на пляцоўцы „Мінск-Арэны” саступілі дзейнаму пераможцу „банкаўскага” турніру піцерскаму „Зеніту” 66:91. Гэта 18-я параза падначаленых Расціслава Вергуна ў 19 праведзеных сустрэчах цяперашняга сезона, і яны па-ранейшаму займаюць апошняе, 12-е, месца ў турнірнай табліцы.
„Будаўнік” прайграў у матчы расійскай Суперлігі
Валейбалісты сталічнага „Будаўніка” з паразы пачалі каляндарны год у чэмпіянаце расійскай Суперлігі. Падначаленыя Алега Мікановіча, якія ідуць на перадапошнім месцы ў чэмпіянаце, гасцявалі ў суседзяў па турнірнай табліцы – клуба „Югра-Саматлор” з Ніжневартаўска. Нягледзячы на практычна роўнае па ачках становішча каманд, інтрыгі ў паядынку не атрымалася – 3:0 на карысць расейскай дружыны. Гэтая параза стала для сталічнага клуба 12-й у 14 матчах чэмпіянату. «Мінск» з сямю баламі займае 15-ю пазіцыю сярод 16 каманд Суперлігі.
Сабаленка і Марозава выйшлі ў паўфінал парнага разраду на турніры ў Адэлаідзе
Беларуская пара Лідзіі Марозавай і Арыны Сабаленкі працягвае паспяховыя выступы ў жаночым парным разрадзе на турніры ў аўстралійскай Адэлаідзе. Яны выйгралі чарговы матч і выйшлі ў паўфінал спаборніцтваў. На стадыі чвэрцьфіналу нашаму тандэму супрацьстаялі Крысціна Буча з Іспаніі і Макота Ніномія з Японіі. Для перамогі Лідзіі і Арыне хапіла двух сэтаў – 6:2, 6:2.
„Барселона” з цяжкасцю абыграла клуб 3-га дывізіёна Іспаніі
У матчы 1/16 фіналу Кубка Іспаніі клуб трэцяга дывізіёна „Інтэрсіці” прымаў „Барселону” без Роберта Левандоўскага. Матч адбыўся ў Алікантэ і завяршыўся перамогай гасцей у авертайме з лікам 4:3. Асноўны час матча завяршыўся з лікам 3:3. У складзе гаспадароў хет-трык аформіў Арыэль Сальдэвілья. За „Барселону” вызначыліся Рональд Арауха, Усман Дэмбеле і Рафінья. У першым дадатковым тайме гол Ансу Фаці прынёс каталонскаму клубу перамогу ў гэтай сустрэчы і вывеў каманду ў 1/8 фіналу турніру.
У матчы 16-га тура чэмпіянату Італіі „Крэманэзэ” на сваім полі саступіў „Ювентусу” 0:1. Гол на першай даданай хвіліне матчу забіў польскі нападнік Аркадыюш Мілік. „Інтэр” абыграў „Напалі” дзякуючы голу Джэка 1:0. У рамках 19-га тура чэмпіянату Англіі па футболе „Крыстал Пэлас” дома прапусціў чатыры галы ад „Тотэнхэма” — дублем адзначыўся Хары Кейн.
Беларускае Радыё Рацыя