Хакеісты „Шахцёра”, „Юнацтва” і „Хіміка” перамаглі ў матчах экстралігі
Пасля міжнароднай паўзы трыма матчамі працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. „Шахцёр”, які лідыруе ў турнірнай табліцы, працягнуў серыю з набранымі ачкамі да 11 матчаў: на гэты раз „гарнякі” на сваім лёдзе справіліся са жлобінскім „Металургам” – 2:1.
Пераможны гол за салігарчан аформіў Міхаіл Шалагін. У паралельным матчы „Юнацтва” мінімальна перайграла аршанскі „Лакаматыў” – 1:0, адзіную шайбу за пяць хвілін да фінальнай сірэны правёў нападнік мінчан Сяргей Дрозд.
Таксама ў панядзелак адбылося „паўночнае дэрбі”, дзе „Віцебск” не выстаяў перад „Хімікам”. На старце другога перыяду навапалачане саступалі ў ліку 0:1, але затым закінулі чатыры разы запар. Нягледзячы на гэта, „Віцебск” быў даволі блізкі да авертайму: у фінальнай трэці разрыў скараціўся да мінімуму, але да роўных лічбаў „мядзведзі” недацягнулі. У выніку 4:3,.
Сёння ў беларускай экстралізе таксама адбудуцца тры матчы. „Ліда” прыме гарадзенскі „Нёман”, які ідзе ў чэмпіянаце другім, а „Магілёў” сыдзецца з „Дынама-Маладзечна”, абедзве сустрэчы пачнуцца ў 19.00. Гадзінай пазней стартуе паядынак „Гомеля” і „Брэста”.
Экс-абаронца „Шахцёра” адправіўся на збор з расійскімі „Хімкамі”
Экс-абаронца „Шахцёра” Нікола Анціч адправіўся ў Турцыю на збор з расійскімі „Хімкамі”. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал „Вуха”.
Анціч правёў у „Шахцёры” чатыры сезоны. У вышэйшай лізе ён згуляў 91 матч, забіў 12 мячоў і аддаў 15 галявых перадач.
Зідан чакае рашэння Дэшама аб будучыні ў зборнай Францыі
Зінедзін Зідан чакае рашэння Дідзье Дэшама аб будучыні ў зборнай Францыі. Дэшам гатовы працягнуць кантракт з Федэрацыяй футбола Францыі, але зробіць гэта толькі ў тым выпадку, калі яму прапануюць пагадненне тэрмінам да ЧС-2026, а не да Еўра-2024. Такім чынам, будучыня Зідана залежыць не ад яго, а ад рашэння Дэшама.
Інфаціна хоча, каб чэмпіянаты свету праходзілі раз на тры гады
Прэзідэнт ФІФА Джані Інфанціна хоча, каб чэмпіянаты свету праходзілі раз на тры гады, а не ў чатыры. Інфанціна ўражаны поспехам чэмпіянату свету ў Катары. Ён перакананы, што правядзенне турніру зімой значна змяніла сітуацыю і даказала, што ў футбола ёсць патэнцыял для далейшага росту і глабалізацыі. Нягледзячы на асцярогі адносна таго, што з-за правядзення турніру пасярод сезона павялічыцца колькасць траўм, атрыманых на чэмпіянаце свету, быў пастаўлены рэкорд па даходах. ФІФА атрымала 6 мільярдаў 200 мільёнаў фунтаў – на 840 млн фунтаў больш, чым па выніках Чэмпіяната свету-2018.
Сталі вядомы тэрміны алімпійскай кваліфікацыі ў лёгкай атлетыцы
Вядомы тэрміны правядзення адборачных спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы да летніх Алімпійскіх гульняў у Парыжы, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу Сусветнай лёгкаатлетычнай асацыяцыі.
Адбор у мужчынскім і жаночым марафоне стартаваў 1 лістапада і працягнецца да 30 красавіка 2024 года. Кваліфікацыя ў бегу на 10 тыс. метраў, спартовай хадзьбе і эстафетах, а таксама ў лёгкаатлетычных шматбор’ях запланавана на тэрмін з 31 снежня па 30 чэрвеня 2024-га. Для астатніх дысцыплін лёгкай атлетыкі кваліфікацыйным перыядам стане прамежак з 1 ліпеня 2023 года да 30 чэрвеня 2024 года.
Летнія Алімпійскія гульні ў Парыжы пройдуць з 26 ліпеня да 11 жніўня 2024 года.
Беларускае Радыё Рацыя