Хакеісты „Юнацтва” і „Нёмана” выйгралі трэція матчы плэй-оф
У сераду двума матчамі ў Віцебску і Наваполацку працягнуўся першы раунд плэй-оф беларускай хакейнай экстралігі. Трэці матч чвэрцьфінальнай серыі згулялі „Хімік” і „Нёман” – раней каманды правялі дзве сустрэчы ў Гародні, абодва разы мацнейшымі былі хакеісты „Нёмана”. Пачатак гульні пад нумарам тры лепш удаўся гаспадарам, якія адкрылі лік ужо на 5-й хвіліне. Аднак першая шайба „Хіміка” апынулася для каманды і апошняй у матчы, гарадзенцы ж пасля прабоіны на старце закінулі чатыры шайбы, святкаваўшы тым самым трэцюю перамогу запар – 4:1. Наступны паядынак у гэтай серыі пройдзе ў Наваполацку 17 сакавіка, у выпадку вікторыі „Нёман” выйдзе ў паўфінал.
Таксама ў сераду першы хатні матч у плэй-оф правялі хакеісты „Віцебска”, якія да гэтага пацярпелі дзве гасцявыя паразы ў серыі супраць менскага „Юнацтва”. Трэцяя сустрэча супернікаў стала самай працяглай у бягучым сезоне: каманды дагуляліся да другога авертайму, скончыўшы асноўны час з лікам 1:1. Кропка ў паядынку была пастаўлена толькі на 92-й хвіліне матча: вікторыю „Юнацтву” прынёс Сяргей Дрозд. Дзякуючы гэтаму поспеху менчане таксама знаходзяцца ў адной перамозе ад выхаду ў паўфінал, зрабіць вырашальны крок падначаленыя Яўгена Есаулава паспрабуюць у пятніцу.
Сабаленка адолела шостую ракетку свету у 1/4 фіналу турніру ў Індыян-Уэлсе
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка абыграла амерыканку Кока Гаўф у матчы 1/4 фіналу турніру ў Індыян-Уэлсе з прызавым фондам 8 800 даляраў — 6:4, 6:0. У паўфінале Сабаленка будзе змагацца з пераможцай пары Сакары — Квітава.
Да „Мінска” далучыўся экс-брамнік „Дняпра”
Футбалістам „Менска” стаў 32-гадовы брамнік Уладзімір Пяцігорац. Ён правядзе ў шэрагах „гараджан” маючы адбыцца сезон. У мінулым сезоне галкіпер гуляў у „Дняпры”, у складзе якога прыняў удзел у сямі матчах вышэйшай лігі і прапусціў 19 мячоў.
„Рэал” мінімальна абыграў „Ліверпуль” і выйшаў у 1/4 фіналу Лігі чэмпіёнаў
У матчы ў адказ 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў мадрыдскі Рэал” прымаў „Ліверпуль” на стадыёне „Санцьяга Бернабэу” і перамог – 1:0. На 79-й хвіліне сустрэчы Вінісіус, які знаходзіўся ў штрафной плошчы, нізам пакаціў мяч на Карыма Бензема, які спакойна прабіў па пустой браме.
Па выніках дзвюх сустрэч „Рэал” перамог „Ліверпуль” 6:2 і выйшаў у чвэрцьфінал Лігі чэмпіёнаў. У другім матчы «Напалі» прымаў «Айнтрахт». Супрацьстаянне завяршылася з лікам 3:0 на карысць гаспадароў. Лік у матчы на 45+2-й хвіліне адкрыў Віктар Асімхен. У пачатку другога тайма нігерыец умацаваў перавагу неапалітанцаў. А на 64-й хвіліне Пётр Зяліньскі рэалізаваў пенальці. Дзякуючы гэтай перамозе каманда Лучана Спалеці выйшла ў 1/4 фіналу турніру. Сваіх чарговых супернікаў „сметанковыя” даведаюцца ў пятніцу калі будзе праведзена лёсаванне наступнага этапу турніру.
Лёў хоча стаць трэнерам зборнай Бразіліі
Экс-галоўны трэнер зборнай Германіі Йоахім Лёў выказаў жаданне папрацаваць са зборнай Бразіліі, паведамляе выданне Bild. Пасля звальнення Цітэ, пентакампеонамі кіруе часовы настаўнік Рамон Менезэс. Лёў пакінуў зборную сваёй краіны ў 2021 годзе, прапрацаваўшы з ёй 15 гадоў. Цяпер спецыяліст з’яўляецца беспрацоўным. У 2014 годзе бундэсманшафт пад кіраўніцтвам Лёва выйграла чэмпіянат свету, на шляху да тытула буйна абыграўшы гаспадароў турніру, бразільцаў у паўфінале 7:1. Па версіі крыніцы, 63-гадовы трэнер абсалютна не збянтэжаны гэтым фактам са сваёй біяграфіі і гатовы прыняць новы выклік.
Беларускае Радыё Рацыя