„Краснадар” адправіў у адстаўку Віктара Ганчарэнку
Расейскі футбольны клуб „Краснадар” скасаваў кантракт з Віктарам Ганчарэнкам, — паведамляе афіцыйны сайт „быкоў”. Кіраўніцтва ФК „Краснадар” прыняло рашэнне адправіць у адстаўку галоўнага трэнера Віктара Ганчарэнку, а таксама двух ягоных памочнікаў — Васіля Беразуцкага і Аляксандра Ермаковіча. Пасля 18 тураў чэмпіянату Расеі „Краснадар” займае пятае месца ў турнірнай табліцы з 29 ачкамі. Ганчарэнка ўзначаліў „Краснадар” у красавіку 2021 года. У 25 матчах пад кіраўніцтвам беларускага спецыяліста „быкі” заваявалі 11 перамог пры 5 нічыіх і 9 паразах.
Беларуска Арына Сабаленка прайграла ў 1/16 фіналу турніру ў Адэлаідзе
Другая ракетка планеты Арына Сабаленка няўдала выступіла на турніры катэгорыі WTA-500 у аўстралійскай Адэлаідзе. Беларуска ў 1/16 фіналу ўступіла ў двух сэтах славенцы Кае Юван (100-ы нумар сусветнага рэйтынгу) – 6:7 (6:8), 1:6. Раней яшчэ адна беларуска Вікторыя Азаранка (27) перамагла ў 1/16 фіналу іспанскую тэнісістку Паулу Бадосу (8) – 6:3, 6:2. Наступнай саперніцай Азаранкі будзе аўстралійка Прысцыла Хон (263).
Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч выйшла ў 1/8 фіналу турніру ў аўстралійскім Мельбурне. У першым раундзе беларуска, якая займае 107-е месца ў сусветным рэйтынгу, перамагла кітаянку Ван Сіньюй, у якой 101-я пазіцыя – 6:4, 6:2.
Мікалай Сігневіч падпісаў кантракт з афінскім „Апалонам”
Беларускі форвард Мікалай Сігневіч падпісаў кантракт з афінскім „Апалонам”. Пра гэта паведаміў агент Аляксандр Панкоў. У чэмпіянаце Беларусі-2021 Сігневіч забіў шэсць мячоў і аддаў дзве галявыя перадачы ў 22 матчах за БАТЭ. „Апалон” займае апошняе месца ў чэмпіянаце Грэцыі: у 12 матчах каманда набрала сем ачкоў.
„Ньюкасл” гатовы выкласці 220 млн еўра ў зімовае трансфернае акно
„Ньюкасл” намеціў маштабны закуп у студзеньскае трансфернае акно. Пасля пакупкі клуба, прынц Саудаўскай Аравіі мае намер вылучыць на трансферы клуба 220 млн еўра, каб умацаваць склад і захаваць каманду ў Англійскай Прэм’ер-Лізе па выніках цяперашняга сезона. Першым набыццём „сарок” стане Кіран Трыпір з „Атлетыка”.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя