„Манчэстэр Сіці” разграміў „Баварыю”
Ангельскі „Манчэстэр Сіці” разграміў мюнхенскую „Баварыю” 3:0 у першым чвэрцьфінальным паядынку Лігі чэмпіёнаў.

На 27-й хвіліне гульні іспанскі паўабаронца манчэстэрцаў Родры эфектным ударам забіў Яну Зомеру. У другой палове сустрэчы гаспадары вызначыліся яшчэ двойчы: на 70-й хвіліне другі гол забіў Бернарду Сілву, а неўзабаве кропку ў гэтай сустрэчы паставіў лепшы снайпер Лігі чэмпіёнаў Эрлінг Холан, у актыве якога ўжо 11 забітых мячоў. У другім матчы дня лісабонская „Бенфіка” прайграла італьянскаму „Інтэру” 0:2. У другім тайме мячы ў браму гаспадароў поля забілі Нікола Барэла і Рамэлу Лукаку, які рэалізаваў пенальці. У гэтых парах паядынкі ў адказ за выхад у паўфінал пройдуць 19 красавіка.
Увечары дзейныя пераможцы галоўнага кантынентальнага турніру – футбалісты мадрыдскага „Рэала” – прымуць у іспанскай сталіцы лонданскі „Чэлсі”. У італьянскім чвэрцьфінале „Мілан” згуляе на сваёй арэне з лідарам серыі А „Напалі”.
Зборная Беларусі па пляжным футболе саступіла расейцам
Зборная Беларусі па пляжным футболе саступіла камандзе Расеі ў першым матчы турніру ў Дубаі. Падначаленыя іспанскага спецыяліста Нікаласа Альварада паспяхова пачалі сустрэчу з трохразовымі чэмпіёнамі свету і забілі два мячы запар. Аднак у далейшым расейцы перахапілі ініцыятыву і здолелі дамагчыся перамогі 6:5. У складзе беларусаў па голавым дублі аформілі Ігар Брыштэль і Уладзімір Усціновіч, яшчэ адзін мяч забіў Мікіта Чайкоўскі. У расейцаў хет-трык у актыве Фёдара Зямскова.
Сёння беларуская дружына будзе супернічаць з камандай ААЭ, 13 красавіка адбудзецца другая сустрэча з расейцамі, а на 15 красавіка запланаваны яшчэ адзін паядынак з гаспадарамі спаборніцтваў.
На чэмпіянаце Беларусі па баскетболе вызначыліся ўсе чвэрцьфіналісты
На мужчынскім чэмпіянаце Беларусі па баскетболе вызначыліся ўсе ўдзельнікі чвэрцьфінальнай стадыі. Менскі „Імпульс-БДУІР” у другім паядынку серыі да дзвюх перамог абыграў у гасцях гарадзенскі ГрДУ 89:70. У іх першай сустрэчы мінчане перамаглі 83:57. У чвэрцьфінале „Імпульс-БДУІР” сустрэнецца з баскетбалістамі „Гродна-93”.
Яшчэ аднымі чвэрцьфіналістамі сталі „Гомельскія рысі”, якія двойчы перайгралі выхаванцаў РЦАП-СДЮШАР з Мінска – 91:61 і 89:73. У барацьбе за выхад у паўфінал супернікам гамяльчан будзе пераможца рэгулярнага чэмпіянату магілёўскі „Барысфен”.
Маладзёжная каманда „Мінска” выйграла ў рэзервістаў віцебскага „Рубона” – 81:74 і 68:52. У 1/4 фіналу сталічная „маладзёжка” паспрабуе даць бой асноўнаму складу БК „Мінск”. У апошнім чвэрцьфінале рэзервовы склад „Мінска” будзе супернічаць з віцебскім „Рубонам”.
Івашка выйшаў у 1/16 фіналу турніру ў Монтэ-Карла
Беларускі тэнісіст 74-ы нумар сусветнага рэйтынгу Ілля Івашка выйшаў у 1/16 фіналу турніру катэгорыі ATP-1000 у Монтэ-Карла з прызавым фондам 5 мільёнаў 800 тысяч еўра. У 1/32 фіналу беларус адолеў у трохсэтавым паядынку брытанца Даніэла Эванса – 2:6, 6:2, 6:3. Сустрэча працягвалася 1 гадзіну 54 хвіліны. У другім раўндзе супернікам Івашкі будзе расійскі тэнісіст 12-я ракетка планеты Карэн Хачанаў.
Беларускае Радыё Рацыя