„Манчэстэр Сіці” стаў уладальнікам Суперкубка УЕФА – 2023



Завяршыўся матч за Суперкубак УЕФА паміж англійскім „Манчэстэр Сіці” і іспанскай „Севільяй”. Каманды гулялі на стадыёне «Георгіяс Караічкакіс» у Пірэі. „Манчэстэр Сіці” абыграў „Севілью” ў серыі пенальці (5:4), згуляўшы з лікам 1:1 у асноўны час. На 25-й хвіліне сустрэчы нападнік «Севільі» Юсэф Эн-Нэсіры з перадачы Маркаса Акуньі адкрыў лік у сустрэчы, вывеўшы намінальных гасцей наперад. На 63-й хвіліне паўабаронца «Манчэстэр Сіці» Коўл Палмер з перадачы Родры зраўняў лік у матчы. Сустрэча перайшла ў серыю пасляматчавых пенальці. Больш дакладнымі апынуліся футбалісты „Манчэстэр Сіці”. Вырашальны пенальці не змог рэалізаваць абаронца «Севільі» Няманья Гудэль. Такім чынам, «Манчэстэр Сіці» заваяваў трафей – першы ў сваёй гісторыі ў першым жа ўдзеле ў турніры. Для «Севільі» гэта ўжо шостая параза ў Суперкубку УЕФА.

Кубак Польшчы, варшаўская зона: «Пагоня Варшава» мінімальна саступіла «Варсовіі»

У матчы 1/128 фіналу варшаўскай зоны рэгіянальнага этапу Кубка Польшчы беларуская аматарская каманда «Пагоня Варшава» праекту Team Ivulin мінімальна саступіла 0:1 былой камандзе Роберта Левандоўскага «Варсовіі». Запіс матчу можна паглядзець на YouTube-канале NEXTA Plus.

Экс-абаронца БАТЭ Гайдучык згуляе за каманду БФСС на Кубку Івуліна

19 жніўня ў Варшаве пройдзе другі Кубак Аляксандра Івуліна – Annual Ivulin’s Cup. У складзе каманды Free Sport United, якая прадстаўляе Беларускі фонд спартовай салідарнасці, згуляе былы абаронца БАТЭ Віталь Гайдучык. У мінулым годзе таксама праходзіў Кубак Івуліна і перамогу на ім здабыла якраз каманда БФСС.

Зялінскі адхіліў прапанову «Аль-Ахлі»

Польскі паўабаронца «Напалі» Пётр Зялінскі не працягне кар’еру ў «Аль-Ахлі», паведамляе Football Italia са спасылкай на Sky Sport і Calciomercato. Паводле інфармацыі крыніцы, 29-гадовы паляк знаходзіўся за крок ад працягу кар’еры ў Саудаўскай Аравіі, але вырашыў застацца ў «Напалі», кантракт з якім у яго заканчваецца летам наступнага года. У бліжэйшы час гулец абмяркуе з клубам умовы новай дамовы аб супрацоўніцтве з памяншэннем зарплаты. Цяпер ён зарабляе 4,5 мільёны еўра ў год. Паралельна «Напалі» працягвае весці з «Сельтай» перамовы па паўабаронцы Габрыэлю Вейге, нягледзячы на рашэнне Зялінскага застацца ў камандзе.

Хакеісты „Нёмана” святкавалі першую перамогу на „Еўра-Азіяцкім Кубку Дружбы”

У гарадзенскім Лядовым палацы спорту стартаваў „Еўра-Азіяцкі Кубак Дружбы” па хакеі – новы турнір з удзелам клубаў Беларусі, Расеі, Казахстана і Узбекістана. „Еўра-Азіяцкі Кубак Дружбы” складаецца з двух этапаў – папярэдняга і фінальнага. Матчы першай стадыі турніру праходзяць у Гародні, спаборнічаюць мясцовы „Нёман”, краснаярскі „Сокал”, „Намад” з Астаны і ташкенцкі „Хумо”. У сваім дэбютным матчы на Кубку гарадзенскія хакеісты сустракаліся з клубам з Узбекістана. Першы перыяд абышоўся без галоў, але ў другой трэці гаспадары лёду адарваліся на дзве шайбы дзякуючы намаганням Германа Паддубнага і Ігара Казячага. У заключнай 20-хвілінцы каманды абмяняліся дакладнымі кідкамі, у складзе „Нёмана” вызначыўся Даніла Барабаш. Такім чынам, 3:1 – гарадзенцы пачынаюць турнір з перамогі.

Мартынава і Гетманава выйшлі ў фіналы моладзевага чэмпіянату свету па барацьбе

У сталіцы Іярданіі Амане працягваецца моладзевы чэмпіянат свету па барацьбе, удзел у якім прымаюць беларускія спартоўцы. У трэці дзень спаборніцтваў адбыліся паядынкі ў пяці вагавых катэгорыях сярод дзяўчат. Беларуска Арына Мартынава, якая выступае ў вазе да 55 кг, прайшла па турнірнай сетцы да фіналу. Суперніцай беларускі па вырашальным паядынку, які пройдзе сёння ў вячэрняй праграме, стала Джорджыяна Карла Лірка з Румыніі. Таксама шлях да фіналу ў вагавой катэгорыі да 59 кг зрабіла і наша Алеся Гетманава. У 1/8 фіналу беларуска справілася з Аляксандрай Вітас з Польшчы. Сутычка беларускі за золата супраць італьянкі Аўроры Русо таксама адбудзецца ўвечары.

Беларускае Радыё Рацыя