„Манчэстэр Юнайтэд” скасаваў кантракт з Раналду
Форвард зборнай Партугаліі Крышціяну Раналду расстаўся з „Манчэстэр Юнайтэд”. Клуб скасаваў кантракт з гульцом па дамове бакоў. „Крышціяну Раналду павінен неадкладна пакінуць „Манчэстэр Юнайтэд” па ўзаемнай згодзе. Клуб дзякуе яму за вялізны ўклад за два перыяды на „Олд Трафард”, — паведамляе прэс-служба манкуніянцаў. Усяго за „МЮ” Раналду забіў 145 галоў у 346 матчах. Раней Крышціяну Раналду ў інтэрв’ю заявіў, што „Манчэстэр Юнайтэд” здрадзіў яго. Футбаліст раскрытыкаваў кіраўніцтва клуба і трэнерскі склад, падкрэсліўшы, што ў яго няма павагі да галоўнага трэнера каманды.
„Дынама” працягнула серыю паразаў у КХЛ да пяці матчаў
Хакейнае менскае „Дынама” пацярпела чарговую няўдачу ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. У другой гульні хатняй серыі „зубры” прымалі суседзяў па турнірнай табліцы з падмаскоўнага „Віцязя”. За тры перыяды дынамаўцы перакідалі суперніка практычна ўтрая (46 кідкоў супраць 16), але пасля 60 хвілін гульні на табло гарэлі роўныя лічбы 1:1. На шайбу форварда менчан Седрыка Пакета ў сярэдзіне другой трэці госці адказалі голам Аляксандра Ярамчука ў канцы фінальнага адрэзка. У выніку трэці матч „Дынама” запар завяршыўся за межамі асноўнага часу і зноў поспех быў не на баку „зуброў”. Перамогу „Віцязю” ў авертайме з лікам 2:1 прынёс Кірыл Расказаў. Такім чынам, падначаленыя Крэйга Вудкрафта пацярпелі пятую паразу запар і засталіся на 8-м месцы Заходняй канферэнцыі КХЛ. Столькі ж балаў (35) у маскоўскага „Спартака”, „Віцязь” мае на два ачкі больш. Наступны хатні матч „Дынама” правядзе заўтра супраць аднаклубнікаў з Масквы, якія размяшчаюцца на 5-й пазіцыі Захаду.
Беларускае Радыё Рацыя