Менскае „Дынама” перапыніла пяціматчавую серыю паразаў у КХЛ
Хакеісты менскага „Дынама” на хатняй арэне абыгралі ХК „Сочы” ў чарговым матчы рэгулярнага чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі. Сочынцы адкрылі лік праз 9 секунд пасля стартавага ўкідвання, але ўсяго праз паўхвіліны форвард „Дынама” Валянцін Дземчанка лік зраўняў. Бліжэй да экватара перыяду менчане атрымалі права на штрафны кідок, які рэалізаваў Павел Варфаламееў. Дзякуючы гэтаму расейскі нападнік „зуброў” падоўжыў сваю выніковую серыю да 8 матчаў. У наступнай трэці каманды двойчы абмяняліся шайбамі, у складзе менчан вызначыліся Раман Гарбуноў і Нік Мёрклі. А за 30 секунд да фінальнай сірэны Уладзімір Алістраў кідком у пустую брамку усталяваў канчатковы лік – 5:3 на карысць „Дынама”. Наступны матч у рэгулярным чэмпіянаце КХЛ „зубры” правядуць 22 кастрычніка на хатняй арэне супраць „Лакаматыва”.
Гульцы менскага „Дынама” згуляюць у Матчы зорак КХЛ
Вызначаны 16 першых удзельнікаў Матчу зорак Кантынентальнай хакейнай лігі – 2022. Першым этапам адбору стала галасаванне заўзятараў, па выніках якога вызначыліся па 4 удзельнікі зорнага ўікэнда ад кожнага з 4 дывізіёнаў КХЛ. Сярод брамнікаў у дывізіёне Тарасава больш за ўсё галасоў (864) набраў галкіпер менскага „Дынама” Аляксей Коласаў, сярод нападнікаў – форвард „зуброў” Віталь Пінчук (531). Абодва хакеісты каманды згуляюць у Матчы ўсіх зорак КХЛ упершыню ў кар’еры. Матч Зорак КХЛ – 2022 пройдзе на арэне „Трактар” ў Чэлябінску 10 і 11 снежня.
Першая перамога „Нью-Джэрсі” і першы бамбардзірскі бал Шаранговіча
Мінулай ноччу ў рэгулярным чэмпіянаце НХЛ „Нью-Джэрсі” святкаваў першую перамогу, адыграўшыся з 0:2 у матчы супраць „Анахайма” 4:2. Беларускі нападнік „Нью-Джэрсі” Ягор Шаранговіч аформіў „асіст” і завяршыў гульню з паказчыкам карыснасці +1. Таксама ў яго 3 кідкі, 1 сілавы прыём, 2 перахопы і 2 блокі за 18 хвілін 56 секунд на лёдзе. Шаранговіч выходзіў на пляцоўку ў тройцы з Есперам Братам і Джэкам Х’юзам.
Хакеісты „Шахцёра” выйгралі чацвёрты матч запар у экстралізе
Трыма матчамі ў Берасці, Оршы і Наваполацку працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. Лідар сезона „Шахцёр” у гасцях здабыў валявую перамогу над „Брэстам”. Перад заключнай 20-хвілінкай „гарнякі” саступалі ў ліку, але шайбы Аляксандра Каракулькі і Міхаіла Стэфановіча прынеслі салігарчанам чарговыя два ачкі – 2:1. Яшчэ адзін клуб з верхняй паловы табліцы „Лакаматыў” у Оршы абыграў аўтсайдара чэмпіянату „Магілёў” з лікам 4:2. Хет-трык у складзе „чыгуначнікаў” аформіў Уладзіслаў Радчанка. „Гомель” у гасцях перайграў „Хімік” – 4:3. Аўтарам пераможнай шайбы для гамяльчан стаў Яўген Сапельнікаў.
„Шахцёр” разграміў „Арсенала” ў чэмпіянаце Беларусі
Футбалісты салігорскага „Шахцёра” замацаваліся на першым месцы ў турнірнай табліцы чэмпіянату Беларусі. У хатнім матчы 26-га тура дзеючыя чэмпіёны краіны разграмілі дзяржынскі „Арсенал” з лікам 3:0. Футбалісты „Мінска” на сваім полі не пакінулі шанцаў на поспех мазырскай „Славіі” – 5:0. Чатыры мячы ў гэтай сустрэчы забіў лідар атак менчан Уладзімір Хвашчынскі. У Жодзіне мясцовае „Тарпеда-БелАЗ” апынулася мацнейшым за „Віцебск” – 1:0.
Чэмпіянат НБА стартаваў з перамог „Голдэн Стэйт” і „Бостана”
У чэмпіянаце НБА, які стартаваў за акіянам, адбыліся два матчы. У Сан-Францыска „Голдэн Стэйт Уорыёрз” абыграў „Лос-Анджэлес Лэйкерс” 123:109 . Самым выніковым гульцом у гаспадароў стаў Стэфэн Кары, які набраў 33 ачкі, шэсць падбораў і сем перадач. Самым выніковым у гасцей быў іх лёгкі форвард Леброн Джэймс, які здолеў зарабіць дабл-дабл. На яго рахунку 31 ачко, 14 падбораў і 8 перадач. У Бостане мясцовыя „Селтыкс” перамаглі „Філадэльфію Сіксэрс” 126:117 . Самым выніковым гульцом у „Бостана” стаў Джэйлен Браўн, які набраў 35 ачкоў, тры падборы і дзве перадачы. Таксама дабл-даблам адзначыўся Джэйсан Тэйтум (35 ачкоў, 12 падбораў і чатыры перадачы). Самым выніковым у „Філадэльфіі” апынуўся Джэймс Хардэн. Амерыканец зарабіў 35 ачкоў, восем падбораў і столькі ж перадач. Цэнтравы з Камеруна Джоэл Эмбіід аформіў дабл-дабл – 26 ачкоў, 15 падбораў і пяць перадач.
Беларускае Радыё Рацыя