Менскае «Дынама» святкавала валявую перамогу над падольскім «Віцязем»
Менскае «Дынама» дамаглося другой запар перамогі ў КХЛ, абыграўшы на хатняй арэне падольскі «Віцязь» – 4:3. «Зубры» добра пачалі матч і павялі 1:0 пасля гола Арцёма Дзямкова, але ўжо праз тры хвіліны «Віцязь» вёў у ліку дзякуючы дакладным кідкам Грэбеншчыкова і Лаюнена. І ўсё ж гаспадары змаглі адыграцца яшчэ да перапынку: сваю першую шайбу ў сезоне закінуў Раян Спунар. У пачатку другога перыяду Аляксандр Сёмін зноў вывеў «Віцязь» наперад, але менчукі не толькі адыграліся, але і павялі ў ліку. Спачатку магутным кідком адзначыўся Мікіта Крыскін, а затым выдатна згуляў Раян Спунар, які аформіў дубль. У суботу менскае «Дынама» згуляе на хатняй арэне з «Авангардам».
Баскетбалісты «Цмокi-Менск» пацярпелі першую паразу ў розыгрышы Кубка ФІБА-Еўропа.
У паядынку 4-га тура ў Сафіі чэмпіёны Беларусі няўдала правялі першую палову, саступіўшы «Леўскі-Лукойлу» 10 ачкоў. Пасля вялікага перапынку «цмокі» кінуліся ў пагоню і ў трэцяй чвэрці двойчы скарачалі разрыў да мінімуму, але затым гаспадары зноў захапілі ініцыятыву і перад апошнім гульнявым адрэзкам адарваліся на 12 ачкоў. У заключнай чвэрці ўсе спробы менчукоў пераламіць ход гульні поспехам не ўвянчаліся. У выніку «цмокі» пацярпелі паразу з лікам 64:75. У складзе беларускай дружыны самым выніковым стаў Алекс Гаўрыловіч, які набраў 19 ачкоў. Свой наступны паядынак у Кубку ФІБА-Еўропа менскія «Цмокi» правядуць 20 лістапада ў гасцях у «Дняпра».
БГК імя Мяшкова ў гасцях адолеў «Кронан»
У заключным матчы другога круга чэмпіянату Беларусі па гандболе Берасцейскі гандбольны клуб імя Мяшкова на выездзе адолеў гарадзенскі «Кронан» – 33:29 і выйшаў на першае месца ў турнірнай табліцы. Наступны матч унутранага першынства БГК правядзе 26 лістапада ў Менску супраць БДУФК-СКА.
На матч кваліфікацыі з немцамі прададзена 28500 квіткоў
16 лістапада зборная Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Мархеля завершыць кваліфікацыю чэмпіянату Еўропы-2020 паядынкам з камандай Нямеччыны. Сустрэча з «бундэстым» пройдзе ў Менхенгладбасе на стадыёне «Барусія-Парк» і пачнецца ў 22.45 па беларускім часе. На гульню з беларусамі ўжо прададзена 28500 квіткоў пры ўмяшчальнасці арэны больш за 46 тысяч для міжнародных матчаў. Нямецкія журналісты адзначаюць, што цікавасць гледачоў да адборавых сустрэч «пакідае жадаць лепшага».
Беларускае Радыё Рацыя
Array