Менскі СКА першым выйшаў у 1/2 фіналу дывізіёна „Усход” SEHA-лігі
Гандбалісты менскага СКА сталі першымі паўфіналістамі дывізіёна „Усход” SEHA-лігі. У расейскай сталіцы ў чвэрцьфінальным паядынку ў адказ падначаленыя Ігара Папругі саступілі маскоўскаму ЦСКА 34:36, але дзякуючы буйнейшай вікторыі ў Менску – 30:26 прайшлі ў наступны этап спаборніцтваў. Лепшым снайперам у складзе менчан стаў Уладзіслаў Крывенка, які закінуў восем мячоў.
Астатнія паўторныя матчы чвэрцьфінальнай стадыі пройдуць у найбліжэйшыя выходныя дні. У суботу „Чэхаўскія мядзведзі” згуляюць з гандбалістамі „Машэкі” з Магілёва, у першай гульні 21-разовыя чэмпіёны Расеі разграмілі магіляўчан 43:25. „Мяшкоў Брэст” прыме на сваёй арэне „Гомель”. На выездзе берасцейцы выйгралі – 37:33. У нядзелю, гандбалісты піцерскага „Зеніта” ў Пермі паспрабуюць узяць рэванш у „Пермскіх мядзведзяў” за хатнюю паразу 32:33.
Івашка і Рублёў выйшлі ў 1/4 фіналу парнага разраду турніру АТР у Дубаі
Беларускі тэнісіст Ілля Івашка і расеец Андрэй Рублёў прабіліся ў чвэрцьфінальную стадыю парнага разраду турніру катэгорыі АТР-500 у Дубаі з прызавым фондам 2 мільёны 800 тысяч даляраў. Беларуска-расейскі тандэм адолеў у трохсэтавым матчы амерыкана-харвацкі дуэт Осцін Крайчэк / Іван Додзіг – 7:6 (7:3), 2:6, 10:8. У гульні за трапленне ў паўфінал Івашка і Рублёў будуць супернічаць з бельгійскай парай Сандэр Жыле/Ёран Фліген.
Адзін з лідараў „Іслачы” Даніэль Созах працягне кар’еру за мяжой
Пра гэта паведамляе прэс-служба клуба. 24-гадовы нападнік паўтара года выступаў за каманду з Менскага раёна. За гэты час форвард правёў 45 матчаў, забіў 17 галоў і аддаў 7 дзейсных перадач. Па выніках мінулага сезона вышэйшай лігі Созах стаў лепшым бамбардзірам каманды, а таксама ўвайшоў у топ-4 найлепшых снайпераў чэмпіянату і трапіў у сімвалічную зборную „Б”. У кастрычніку 2021 года Даніэль упершыню быў выкліканы ў нацыянальную зборную Нігера, у складзе якой згуляў 12 матчаў і набраў 3+6 па сістэме „гол+пас”.
„Манчэстэр Сіці” абыграў „Брысталь Сіці” у Кубку Англіі
У 1/8 фіналу Кубка Англіі завяршыўся гульнявы дзень. „Фулхэм” на сваім полі разабраўся з „Лідсам” з лікам 2:0. „Манчэстэр Сіці” разграміў у гасцях „Брысталь Сіці” — 3:0. „Брайтан” абыграў «Сток Сіці» 1:0, а „Блэкбэрн” сенсацыйна перамог «Лестэр» 2:1 і выйшаў ў чвэрцьфінал.
„Крэманэзе” сенсацыйна абыграў „Рому” на хатнім полі
У 24-м туры італьянскай Серыі А „Крэманэзе” на хатняй арэне нечакана нанесла паразу „Роме” з лікам 2:1. Пераможны гол быў забіты з пенальці Даніэлем Чыафані. Галоўны трэнер „ваўкоў” Жазэ Мурынью быў выдалены з поля на першай хвіліне другога тайма за спрэчкі з суддзёй. „Рома” засталася на пятай пазіцыі з 44 баламі ў актыве і не змагла пацясніць „Лацыё” і „Мілан” у зоне Лігі чэмпіёнаў. „Крэманэзе” ж падняўся з апошняга месца на 19-е з 12 ачкамі. Да зоны выратаванне – 8 балаў. „Ювентус” выйграў у „Тарына” з лікам 4:2. Б’янканеры двойчы па ходу матча адыгрываліся, перахапіўшы ініцыятыву ў другім тайме. „Ювэ” знаходзіцца на сёмым месцы з 35 ачкамі ў актыве. Калі б не штраф у 15 балаў, клуб размяшчаўся б другім, адстаючы ад „Напалі” на 15 балаў.
„Тарына” з 31 ачкамі ў актыве знаходзіцца на дзявятым месцы.
Хакеісты менскага „Дынама” пачынаюць паход за Кубкам Гагарына
Матчамі ва Уфе, Казані, Яраслаўлі і Санкт-Пецярбургу стартуе плей-оф Кантынентальнай хакейнай лігі сезона. У розыгрышы Кубка Гагарына згуляюць 16 клубаў – па 8 ад Заходняй і Усходняй канферэнцый. Удзельнікам плэй-оф сёлета будзе і менскае „Дынама”: прадстаўнік Беларусі ў КХЛ выйшаў у накаўт-раўнд сёмы раз у сваёй гісторыі і ў трэцім сезоне запар. Супернікам „зуброў” па першым раундзе зноў стане СКА з Санкт-Пецярбурга. Каманды сустракаліся ў двух папярэдніх розыгрышах Кубка Гагарына, і абодва разы далей праходзілі „армейцы” (4:1 і 4:0 у серыі).
На два выязныя матчы адправіліся 30 хакеістаў менскай каманды: 3 галкіперы, 11 гульцоў абароны і 16 форвардаў. Першы матч стартавага раунда плэй-оф паміж СКА і „Дынама” пачнецца ў Лядовым палацы Санкт-Пецярбурга ў 19.30.
Беларускае Радыё Рацыя