На Еўра Іспанія выйшла ў чвэрцьфінал
28 чэрвеня на футбольным Еўра вызначаецца яшчэ адна пара чвэрцьфіналістаў. Першымі на поле стадыёна Капенгагена выйшлі дружыны Іспаніі і Харватыі. Сустрэча безумоўна парадавала нейтральных заўзятараў – ажно 8 забітых мячоў. Харваты гераічна адыграліся з ліку 1:3 у асноўны час, але ў дадатковы „фурыя роха” усё ж лагічна давяла сваю перавагу да перамогі 5:3.
На двух апошніх турнірах Іспанія выбывала якраз у 1/8 фіналу. На гэты раз каманда Луіса Энрыке ідзе далей.
Харватыя -Іспанія – 3:5 (Педры, 20, аўтагол, Міслаў Оршыч, 85, Марыё Пашаліч; Пабла Сарабія, 38, Сесар Аспілікуэта, 57, Ферран Торрэс, 77, Альвара Марата, 100, Мікель Аярсабаль, 103).
У чвэрцьфінале Іспанія сустрэнецца з пераможцам пары Францыя – Швайцарыя.
Беларускае Радыё Рацыя