На мундыялі Англія разграміла Іран

У другім матчы футбольнага чэмпіянату свету па футболе Англія з тэнісным лікам 6:2 разграміла каманду Ірана.
Калектыў пад кіраваннем Гарэта Саўтгейта правёў бадай лепшую сустрэчу за апошнія два гады, прэсінгаваў іранцаў і ўжо ў першым тайме вырашыў зыход паядынка. Лік тым больш дзіўны, таму што іранская зборная вядомая найперш сваёй моцнай абаронай. Магчыма яе дэмаралізавала траўма галавы асноўнага галкіпера ў самым пачатку сустрэчы, у якога выпадкова ўрэзаўся ўласны абаронца.
Прыгадаем, што на мінулым чэмпіянаце Англія на групавой стадыі разграміла 6:1 Панаму. Паядынак з Іранам мог таксама скончыцца аналагічна, але бразільскі рэферы дадаў да другога тайма ажно 10 хвілін, на зыходзе якіх прызначыў пенальці ў браму Пікфарда. Лідар атакі брытанцаў Хары Кейн на гэты раз не забіў, але вызначыўся дзвюмя выніковымі перадачамі. Затое мячы забівалі пераважна маладыя зоркі каманды „трох ільвоў”.
Англія – Іран – 6:2 (Белінгем, 35, Сака, 43, 62, Стэрлінг 45+1, Рэшфард, 71, Грыліш, 89; Тарэмі, 65, 90+13, з пенальці).
Беларускае Радыё Рацыя