„Нёман” „усухую” разграміў „Магілёў”



„Нёман” „усухую” разграміў у гасцях „Магілёў” 6:0 у рамках чарговага тура беларускай хакейнай Betera-Экстралігі. Ігар Казячы вызначыўся дублем, у Івана Палякова першы шатаўт у сезоне, „Шахцёр” перайграў „Хімік” 3:1 – дзве шайбы закінуў за салігорцаў Павел Развадоўскі, які падняўся на пятае месца ў спісе лепшых бамбардзіраў у гісторыі Экстралігі. Цяпер у актыве Развадоўскага 484 (217+267) балы ў 609 матчах, ён абышоў Паўла Волчака. Аршанскі „Лакаматыў” быў мацней за маладзечанскае „Дынама” 3:1.

Протас вернуты з АХЛ у „Вашынгтон”

„Вашынгтон Кэпіталз” адклікаў беларускага нападніка Аляксея Протаса з „Хершы Бірз” Амерыканскай хакейнай лігі (АХЛ).

Пра гэта на сайце НХЛ аб’явіў старшы віцэ-прэзідэнт і генеральны менеджэр Браян Маклелан. 22-гадовы Протас у гэтым сезоне набраў 10 (3+7) ачкоў у 41 матчы за „Вашынгтон”.

СКА замацаваўся на першым месцы ў табліцы чэмпіянату Беларусі

Гандбалісты менскага СКА замацаваліся на першай пазіцыі ў турнірнай табліцы чэмпіянату Беларусі. Віцэ-чэмпіёны краіны святкавалі 14-ю перамогу, абыграўшы свой фарм-клуб БДУФК-СКА 40:29. У іншым паядынку гандбалісты „Гомеля” на хатняй арэне выйгралі ў гарадзенскага „Кронана” з лікам 34:26. Пасля 16 праведзеных сустрэч у актыве СКА 30 ачкоў, дзейны чэмпіён краіны „Мяшкоў Брэст” адстае на пяць балаў, згуляўшы на два матчы менш.

„Будаўнік” прайграў „Лакаматыву” ў чэмпіянаце Расеі

Валейбалісты менскага „Будаўніка” пацярпелі 15-ю паразу ў матчах адкрытага чэмпіянату Расіі. На пляцоўцы сталічнага спарткомплексу „Уручча” мінчане прайгралі навасібірскаму „Лакаматыву” з лікам 1:3. Пасля 17 праведзеных гульняў віцэ-чэмпіёны Беларусі маюць 7 ачкоў і па-ранейшаму займаюць перадапошняе, 15-е месца, апярэджваючы толькі клуб „Нова” з Навакуйбышэўска, у якога на адзін бал менш.

Азаранка выйшла ў трэці круг Australian Open

У Мельбурне працягваюцца матчы першага ў сезоне тэніснага турніру серыі „Вялікага шлема” – адкрытага чэмпіянату Аўстраліі. Двухразовая пераможца Australian Open беларуска Вікторыя Азаранка меньш чым за гадзіну разграміла ў 1/32 фіналу аргенцінскую тэнісістку Надзю Падарошку  – 6:1, 6:0. У 1/16 фіналу Азаранка сустрэнецца з  амерыканкай Мэдысан Кіз.

Паўлавец перайшоў у грэчаскую „Ламію”

Абаронца зборнай Беларусі Аляксандр Паўлавец перайшоў у грэчаскую „Ламію”. Правы на футбаліста належаць „Арэнбургу”, за клуб з Грэцыі ён будзе выступаць у арэндзе. Паўлавец абраў 22-і нумар. За кар’еру 26-гадовы абаронца пагуляў за берасцейскае „Дынама”, „Тарпеда”-БелАЗ, „Растоў”, „Колас” і „Варту”. „Ламія” займае перадапошняе месца ў чэмпіянаце Грэцыі.

„Інтэр” разграміў „Мілан” у фінале за Суперкубак Італіі

„Інтэр” стаў уладальнікам Суперкубка Італіі. У фінале „нерадзуры” абыгралі адвечных супернікаў „Мілан” з лікам 3:0 – галамі адзначыліся Дзімарка, Джэка і Марцінэс.  Гэты трафей стаў сёмым у гісторыі клуба.
У рамках перанесенага матчу 7-га тура ангельскай прэм’ер-лігі „Манчэстэр Юнайтэд” не ўтрымаў перамогу над „Крыстал Пэлас” — 1:1. У канцы першага тайма вызначыўся Бруну Фернандэш. Аднак у другой палове сустрэчы француз Майкл Олісэ забіў цудоўны гол са штрафнога на 91-й хвіліне, усталяваўшы фінальны лік.
„Манкуніянцы” займаюць трэцяе месца ў турнірнай табліцы з 39 ачкамі ў актыве. „Крыстал Пэлас” размяшчаецца на 12-й пазіцыі з 23 баламі.

Беларускае Радыё Рацыя