„Нёман” узяў верх над „Гомелем”
У чарговых матчах чэмпіянату Беларусі па хакеі „Нёман” на хатняй арэне перамог „Гомель” з лікам 4:1. Дзве галявыя перадачы на рахунку Паўла Баярчука. „Юнацтва” на выездзе ўзяло верх над „Лідай” 3:1.
Спунэр, Мёрклі і Гілмар маглі пакінуць менскае „Дынама” ў трансферны дэдлайн
Менскае „Дынама” магло развітацца з трыма легіянерамі ў трансферны дэдлайн Паводле інфармацыі крыніцы, менскае „Дынама” ў дэдлайн вяло перамовы адразу з некалькімі клубамі КХЛ. Нік Мёрклі мог апынуцца ў „Трактары”, Раян Спунэр — у маскоўскім „Дынама”, а Джон Гілмар — у „Салаваце Юлаеве”. Быў варыянт і з абменам Спунэра ў маскоўскае „Дынама”, але бакі не дамовіліся, бо мэнэджмент мінчан запытаў завышаную кампенсацую (грошы і двух хакеістаў: Кадолу са Скарэнавым).
Шымановіч выйшла ў 1/4 фіналу турніру ў Тунісе
Беларуская тэнісістка Ірына Шымановіч стала чвэрцьфіналісткай турніру ITF у туніскім манастыры. У 1/8 фіналу беларуска, якая займае 239-е месца ў сусветным рэйтынгу, абыграла ў дзвюх партыях грэчаскую тэнісістку Сапфо Сакеларыдзі, у якой 307-я пазіцыя, – 6:3, 7:5. У паядынку за выхад у паўфінал суперніцай Шымановіч будзе японка Сакура Хасагі.
„Барселона” выйшла ў фінал Суперкубка Іспаніі
У паўфінальным матчы Суперкубка Іспаніі па футболе „Барселона” перамагла „Беціс” у серыі пенальці. На гол Левандоўскага напрыканцы першага тайма адказаў на 77-й хвіліне Фекір. А на гол Фаці ў даданы час – Ларэн. Героем серыі пенальці стаў нямецкі брамнік «Барселоны» Марк Андрэ Тэр-Штэген, які адбіў 2 пенальці. У фінале каталонцы ў нядзелю згуляюць з мадрыдскім „Рэалам”, які таксама ў серыі пенальці адолеў «Валенсію».
„Фулхэм” на сваім полі перайграў „Чэлсі”
У перанесеным матчы 7-га тура чэмпіянату Англіі па футболе „Фулхэм” на хатняй арэне ўзяў верх над „Чэлсі” з лікам 2:1.
На 58-й хвіліне ў складзе „Чэлсі” за грубы падкат быў выдалены Жаау Фелікс, які дэбютаваў складзе гасцей пасля пераходу з мадрыдскага «Атлетыка».
Вітоцы стала пераможцай індывідуальнай гонкі ў Рупольдынгу
Біятланістка з Італіі Ліза Вітоцы выйграла індывідуальную гонку на пятым этапе Кубка свету ў нямецкім Рупольдынгу з вынікам 40 хвілін і 5,9 секунды. Спартоўка не дапусціла ніводнага промаху на чатырох агнявых рубяжах. Другой стала Лу Жанмона з Францыі, якая адстала ад Вітоцы на 39 секунд. Трэцяе месца ў яшчэ адной прадстаўніцы Францыі Жулі Сымон.
Шэпель працягне кіраваць Паралімпійскім камітэтам Беларусі
Алег Шэпель зноў пераабраны на пасаду старшыні Паралімпійскага камітэта Беларусі. За яго прагаласавалі ўдзельнікі справаздачна-выбарнай канферэнцыі гэтай арганізацыі, якая адбылася ў Менску.
Алег Шэпель узначальвае Паралімпійскі камітэт з 2002 года. У бытнасць дзеючым спартоўцам ён пяць разоў станавіўся чэмпіёнам Паралімпійскіх гульняў па лёгкай атлетыцы, чатыры разы быў іх прызёрам. Алег Шэпель з’яўляецца заслужаным майстрам спорту СССР.
Беларускае Радыё Рацыя