„Нёман” выйграў пятую запар гульню ў беларускай экстралізе



Трыма матчамі ў Магілёве, Гомелі і Лідзе працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. Гарадзенскі „Нёман”, які ідзе на другой пазіцыі ў чэмпіянаце, працягнуў пераможную серыю да пяці матчаў – гарадзенцы ў „заходнім дэрбі” нанеслі паразу „Лідзе” з лікам 4:2. Па два ачкі ў складзе пераможцаў набралі Вячаслаў Андрушчанка, Вячаслаў Іпатаў і Мікіта Рэмезаў. У паралельнай сустрэчы ў Магілёве мясцовы клуб, які замыкае турнірную табліцу, сышоўся з „Дынама-Маладзечна”. Па ходу паядынка госці вялі з адрывам у дзве шайбы, але магіляўчане здолелі перавесці гульню ў авертайм, дзе і вырвалі перамогу – 4:3. Вырашальную шайбу за „львоў” правёў Яўген Кунцэвіч. Асноўнага часу не хапіла і гульцам „Гомеля” і „Брэста”, якія за 60 хвілін закінулі па 3 разы. Вынік сустрэчы вырашыўся ў серыі булітаў, дакладней у якой апынуліся берасцейцы.

Пасля 34 тураў у чэмпіянаце краіны па хакеі працягвае лідыраваць салігорскі „Шахцёр”, у актыве якога 52 балы. „Нёман” адстае на два ачкі, мінскае „Юнацтва” – на пяць.

Гатавец закінуў дзве шайбы за 22 секунды ў матчы маскоўскіх «Дынама» і «Спартака»

Беларускі абаронца маскоўскага «Дынама» Кірыл Гатавец закінуў дзве шайбы за 22 секунды ў матчы КХЛ. 31-гадовы хакеіст вызначыўся на 43-й і 44-й хвілінах матчу са «Спартаком», які яго каманда выйграла 5:2. Гэта другая і трэцяя шайбы Кірылы ў сезоне. Да гэтага ён закідваў у канцы кастрычніка.

Гандбалісты зборнай Беларусі саступілі Бахрэйну ў кантрольным матчы

Гандбалісты мужчынскай зборнай Беларусі пацярпелі паражэнне ў другім таварыскім матчы ў Бахрэйне. Беларусы саступілі гаспадарам з лікам 27:30. Самым выніковым у складзе гасцей апынуўся Мікіта Вайлупаў, які закінуў 11 мячоў. Ён жа з 13 галамі быў найлепшым снайперам і ў першай гульні, якую беларускія гандбалісты ўпэўнена выйгралі 33:28.

Зборная Бахрэйна з’яўляецца срэбраным прызёрам чэмпіянату Азіі і зараз рыхтуецца выступіць на чэмпіянаце планеты, які ў студзені  прымуць Польшча і Швецыя.

Сабаленка прайграла Рыбакінай на выставачным турніры ў Дубаі

Беларуска Арына Сабаленка саступіла прадстаўніцы Казахстана Алене Рыбакінай на выставачным турніры ў Дубаі. Сустрэча завяршылася з лікам 6:0, 1:6, 6:10.

Месі не згуляе за «ПСЖ» да сярэдзіны студзеня

Форвард «ПСЖ» Ліянэль Месі наўрад ці згуляе за каманду да сярэдзіны студзеня, паведамляе Le Parisien. Гулец атрымае 10 дзён выходных, пасля чаго будзе працаваць па індывідуальнай праграме. Цяпер ён адзначае перамогу на Чэмпіянаце свету -2022 са зборнай Аргенціны. 35-гадовы нападнік ў бягучым сезоне правёў 19 матчаў за «ПСЖ» і забіў 12 галоў пры 14 выніковых перадачах.

Беларускае Радыё Рацыя