„Нью-Джэрсі” прайграў „Манрэалю”, Шаранговіч выніковымі дзеяннямі не вызначыўся



Мінулай ноччу ў рэгулярным чэмпіянаце НХЛ „Нью-Джэрсі” на хатняй арэне саступіў „Манрэалю” — 2:5. Беларускі нападнік „Нью-Джэрсі” Ягор Шаранговіч правёў на пляцоўцы 15 хвілін 58 секунд, бамбардзірскімі баламі не разжыўся, адзначыўся 3 кідкамі, 1 блокам і 1 стратай.

Шаранговіч выходзіў на лёд у тройцы з Джэкам Х’юзам і Есперам Братам. „Вашынгтон” пацярпеў пятую запар паразу, не справіўшыся на сваім лёдзе з „Дэтройтам” 1:3. Капітан „Кэпіталз” Аляксандр Авечкін прапусціў чацвёрты матч запар. Беларускі форвард «Вашынгтона» Аляксей Протас адпраўлены ў каманду «Хершы Бірз» з АХЛ. Раней «Вашынгтон» яго ўжо дасылаў у гэтую каманду 7 студзеня і 1 лютага. 11 лютага Протас быў вернуты ў клуб НХЛ. У сёлетнім сезоне НХЛ Протас згуляў 43 гульні, дзе набраў 10 (3+7) ачкоў. У 5 матчах АХЛ ён вызначыўся трыма галявымі перадачамі.

«Дынама» адправіла Каўгарэню, Сацішвілі і яшчэ 4 хакеістаў у «Дынама-Шыннік»

Як паведамляе прэс-служба менскага «Дынама», шэсць хакеістаў адпраўлены ў «Дынама-Шыннік». Гэта абаронца Цімафей Каўгарэня і нападнікі Сцяпан Звягін, Ягор Ігнаценка, Міраслаў Міхалёў, Вадзім Мароз і Данііл Сацішвілі. Заўтра ўсе 6 хакеістаў змогуць узяць удзел у матчы МХЛ, у якім «бабры» згуляюць з маскоўскімі дынамаўцамі.

Сасновіч і Сю І прайгралі ў 1/8 фіналу турніру ВТА-1000 у Дубаі

Беларуска Аляксандра Сасновіч і кітаянка Фань Сю І прайгралі ў 1/8 фіналу турніру ВТА-1000 у Дубаі з прызавым фондам 2 мільёны  788 тысяч даляраў. Інтэрнацыянальны дуэт саступіў тандэму Лэйла Фернандэс (Канада) / Бетані Матэк-Сандс (ЗША) — 6:3, 1:6, 11:13.

„Мінск” і Дарол Эрнандэс Зіненка разарвалі працоўныя адносіны

Баскетбольны клуб „Мінск” і Дарол Эрнандэс Зіненка спыняюць супрацоўніцтва па пагадненні бакоў, паведамляе афіцыйны сайт клуба. У гэтым сезоне форвард прыняў удзел у 19 матчах Адзінай лігі ВТБ. Дарол праводзіў на пляцоўцы ў сярэднім за гульню крыху больш за 20 хвілін на паркеце, набіраў 5,5 ачка, здзяйсняў 6,9 падбораў і 2,5 перадачы.

Навумаў працягне кар’еру ў «Кызыр-Жары» (Bet News)

Як паведамляе Bet News, экс-абаронца менскага «Дынама» і футбаліст зборнай Беларусі Мікіта Навумаў працягне кар’еру ў «Кызыл-Жары». 33-гадовы футбаліст ужо прыбыў у размяшчэнне клуба. Чакаецца, што бліжэйшым часам ён падпіша кантракт. У «Кызыл-Жар» раней перайшоў яшчэ адзін беларус – Яўген Бярозкін. Акрамя таго, гучала інфармацыя пра цікавасць казахстанцаў да экс-брамніка салігорскага «Шахцёра» Рамана Сцяпанава. На пачатку лютага Навумаў трэніраваўся з «Атырау», якім кіруе Віталь Жукоўскі, аднак не прайшоў прагляд. У мінулым сезоне Навумаў адыграў за мінскае «Дынама» ў чэмпіянаце Беларусі 15 матчаў, у якіх ён вызначыўся адным выніковым пасам.

Cёння ў Лейпцыгу на стадыёне „Рэд Бул Арэна” адбудзецца першы матч 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў паміж нямецкім РБ „Лейпцыг” і англійскім „Манчэстэр Сіці”.  У іншым матчы згуляюць міланскі «Інтэр» і партугальскі «Порту». Напярэдадні, нагадаю, мадрыдскі «Рэал» здзейсніў фантастычны камбэк, адыграўшыся з 0:2 на 5:2 у матчы з ангельскім «Ліверпулем», а італьянскі «Напалі» у гасцях абыграў нямецкі «Айнтрахт» 2:0.  

Сцяг Украіны з подпісам Зяленскага быў прададзены за 110 тысяч еўра. Грошы пойдуць на аднаўленне стадыёна ў Ірпені

У Мілане прайшоў дабрачынны вечар UNITED FOR UKRAINE пад патранатам амбасадара платформы UNITED24, экс-футбаліста «Мілана» і зборнай Украіны Андрэя Шаўчэнкі. Падзею падтрымалі Джорджыа Армані, футбольныя гульцы і функцыянеры, палітычныя і грамадскія дзеячы. Шаўчэнка прывёз з Кіева сцяг з подпісам прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. Сцяг набыла Ліга футбольных клубаў серыі А за 110 000 еўра. Агулам на вячэры сабралі 150 000 еўра. Усе сродкі перавядуць праз UNITED24 на аднаўленне стадыёна ў Ірпені, якім займаецца Шаўчэнка.

Беларускае Радыё Рацыя