Партугальцы першымі выйгралі Лігу Нацый



Першымі пераможцамі Лігі нацый УЕФА сталі футбалісты Партугаліі, якія абыгралі ў фінале каманду Нідэрляндаў з лікам 1:0. Пасля перапынку ініцыятыву перахапілі нідэрландцы, але менавіта партугальцы дамагліся поспеху – на 60-й хвіліне гульні пераможны гол забіў Гансалу Гедэш. Гэта другі тытул зборнай Партугаліі за апошнія гады.  У 2016 годзе Крышціяну Раналду з партнёрамі сталі чэмпіёнамі Еўропы. Гульня за бронзу Лігі нацый паміж Англіяй і Швайцарыяй выдалася вельмі ўпартай. Футбалісты абедзвюх каманд мелі магчымасці забіць мяч, але ні ў асноўны, ні ў дадатковы час гэтага не адбылося. Толькі ў серыі пасляматчавых пенальці ангельцам удалося вырваць перамогу – 6:5.

Эквадор супраць Рэспублікі Карэя, Італія супраць Украіны

На моладзевым чэмпіянаце свету па футболе ў Польшчы вызначыліся апошнія ўдзельнікі паўфінальнай стадыі. Футбалісты Эквадора ў чвэрцьфінале перайгралі каманду ЗША з лікам 2:1 і ў паўфінале згуляюць са зборнай Рэспублікі Карэя. Карэйцы ў зацяжным драматычным чвэрцьфінале адолелі сапернікаў з Сенегала. Асноўны і дадатковы час гэтай гульні завяршыўся ўнічыю 3:3, а ў серыі пасляматчавых пенальці поспех быў на баку азіяцкай каманды – 3:2. Раней у паўфінал выйшла каманда Італіі, якая перамагла футбалістаў Малі з лікам 4:2. У барацьбе за выхад у фінал італьянцы будуць супернічаць з украінцамі, якія ў чвэрцьфінале перайгралі калумбійцаў з мінімальнай перавагай – 1:0. Паўфіналы адбудуцца 11 чэрвеня, іх няўдачнікі 14 чэрвеня сустрэнуцца ў матчы за бронзу, а пераможцы 15 чэрвеня паспрачаюцца за чэмпіёнскі тытул.

Мбапэ пяройдзе ў «Рэал» за 230 мільёнаў?

Нападнік „ПСЖ” Кіліан Мбапэ можа перайсці ў мадрыдскі „Рэал”. Француза не задавальняе яго роля ў парыжскай камандзе. На думку футбаліста, ён знаходзіцца на адным роўні з галоўнай зоркай парыжан Нэймарам і павінен мець тыя ж прывілеі, што і бразілец. Таксама Мбапэ хоча атрымліваць тыя ж 36 мільёнаў еўра ў год, што і самы высокааплатны гулец каманды. Сума трансферу гульца ў „Рэал” можа скласці каля 230 мільёнаў еўра. У мінулым сезоне Мбапэ прыняў удзел у 43 матчах на клубным роўні. На рахунку нападніка 39 забітых мячоў і 17 выніковых перадач.

Надаль надалей перамагае на «Ралан Гарос»

Іспанскі тэнісіст Рафаэль Надаль трэці раз запар і 12-ы у гісторыі стаў трыумфатарам адкрытага чэмпіянату Францыі, абыграўшы аўстрыйца Дамініка Ціма. У фінальным паядынку абодва яго ўдзельнікі паказалі высокае майстэрства і парадавалі гледачоў прыгожай гульнёй. Спачатку сапернікі выйгравалі свае падачы, а ў пятым гейме Дамінік Цім здолеў узяць чужую падачу і выйшаў наперад – 3:2. Пасля гэтага ініцыятыву перахапіў Рафаэль Надаль, які выйграў 4 геймы запар і ўвесь сэт 6:3. Другая партыя прайшла ў роўнай барацьбе, але ў канцоўцы аўстрыец адыграў вельмі строга і, выйграўшы падачу суперніка ў 12-м гейме, перамог – 7:5. Затым на корце цалкам дамінаваў іспанец, які выйграў два сэты з аднолькавым лікам 6:1. У фінале мінулага года Рафаэль Надаль таксама перамог Дамініка Ціма. У жанчын упершыню чэмпіёнкай стала аўстралійская тэнісістка Эшлі Барці, якая ўпэўнена перайграла ў фінале чэшку Маркету Вандраушаву – 6:1, 6:3. У спаборніцтвах жаночых пар на „Ралан Гарос” перамаглі вугорка Тымеа Бабош і французская тэнісістка Крысціна Младзенавіч. У мужчынскім парным разрадзе не было роўных нямецкаму дуэту Кевін Кравіц / Андрэас М’ес. У турніры змешаных пар першынствавалі харват Іван Додзіг і Лаціша Чан з Кітайскага Тайбэя.

Падрыхтоўка да Еўра – беларускі прайгралі турчанкам

Беларускія баскетбалісткі прайгралі турчанкам ў таварыскім матчы ў Рызе падчас падрыхтоўкі да чэмпіянату Еўропы. Сустрэчу з турэцкай камандай беларускі правялі не лепшым чынам, саступіўшы з розніцай у 20 ачкоў – 56:76. Самай выніковай у складзе беларусак стала Таццяна Ліхтаровіч, у актыве якой 11 ачкоў і столькі ж падбораў пад шчытамі. У першым рыжскім спарынгу падначаленыя Наталлі Трафімавай абыгралі каманду Латвіі з лікам 81:77. Пасля кантрольных матчаў у латвійскай сталіцы беларускія баскетбалісткі 14 і 15 чэрвеня правядуць два паядынкі ў італьянскім Броні са зборнай Італіі, а потым, 21 і 22 чэрвеня, у  двойчы згуляюць са зборнай Вугоршчыны. Жаночы чэмпіянат Еўропы ў  пройдзе на арэнах Латвіі і Сербіі. На першым этапе беларускі будуць гуляць у папярэдняй групе D ў Сербіі з гаспадаркамі 27 чэрвеня, а таксама зборнымі Бельгіі (28 чэрвеня) і Расіі (30 чэрвеня).

Рабушэнка – другі на «Гран-пры Лугана»

Беларускі велагоншчык Аляксандр Рабушэнка фінішаваў другім на «Гран-пры Лугана» – аднадзёнцы першай катэгорыі ў Швайцарыі. 23-гадовы беларус ўтрымаўся ў групе фаварытаў, а на фінішы дапамог не толькі выйграць партнёру па камандзе італьянцу Дыега Улісу, але і сам стаў другім.

Вяртанне Андрэя Краўчанкі

Срэбраны прызёр Алімпіяды Андрэй Краўчанка перамог у дзесяцібор’і на Кубку Беларусі па лёгкаатлетычных мнагабор’ях.

Спартовец, які з-за чарады траўмаў і аперацый не спаборнічаў пяць гадоў, паказаў суму 7827 ачкоў. Другое месца заняў Эдуард Міхан, тройку замкнуў Артур Пелішонак.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя