Павел Знавец: Гульні ў Баку – шыкоўны трэніровачны збор для спартоўцаў
“Калі хапае грошай, то кіраўнікі дзяржаў цешацца забавамі”, – мяркуе палітык і спартовы заўзятар Павел Знавец.
Першыя ў гісторыі Еўрапейскія гульні распачаліся ў Баку 12 чэрвеня і будуць працягвацца да 28-га.
Спаборніцтвы праходзяць па 20 відах спорту і 52 спартыўных дысцыплінах. Беларусь прадстаўлена 152 спартоўцамі.
На сёняшні дзень у медалёвым заліку беларуская зборная знаходзіцца на 4-м месцы – у яе 19 медалёў (6 залатых, 3 сярэбраныя і 10 бронзавых).
Павел Знавец: Асабіста для мяне, як для спартовага заўзятара, Еўрапейскія гульні – гэта шэраговая падзея, якая не цягне ні на што.
РР: Гульні праводзіць Азербайджан. Ці прысутнічае ў гэтым мерапрыемстве палітыка?
Павел Знавец: Згаджуся з тымі, хто называе гульні пацехай рэжыму. Я ўвогуле не думаю, што яны стануць традыцыйнымі і будуць прэтэндаваць на нешта вялікае. Вы паглядзіце, што нават у трансляцыях замежных каналаў пра гэтыя Гульні практычна нічога не кажуць. Ды і паведамленні пра тое, што нехта з чарговых спартоўцаў заваяваў “золата”, нікога не хвалююць. Прачытаў такую інфармацыю – і адразу забыў. Гэта ж не Алімпійскія гульні і нават не чэмпіянат свету.
РР: Але самі спартоўцы ў захапленні ад гульняў і арганізацыі турніра…
Павел Знавец: Дык, калі грошы ёсць, чаму б не арганізаваць? Азербайджан – нафтавая краіна, можа сабе дазволіць пацехі. Гэта піяр краіны, яе кіраўніка. А большасці заўзятараў, паўтаруся, гульні абсалютна “да лямпачкі”. А для спартоўцаў – больш нагода патрэніравацца, правесці спартовы збор у шыкоўных умовах. І разам з гэтым крыху грошай зарабіць.
РР: Галяндыя адмовілася праводзіць Еўрапейскія гульні-2019 і зараз будуць прызначаны перавыбары краіны-гаспадаркі. На права правядзення гульняў прэтэндуюць Турцыя, Польшча, Вялікабрытанія, Расея і Беларусь. Нам гэта патрэбна?
Павел Знавец: Не думаю, толькі бюджэтныя грошы закапаюць. Беларусь жа – не нафтавая краіна…
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота navigator
Array
