«Рэал» і «Манчэстар Сіці» выйшлі ў чвэрцьфінал Лігі чэмпіёнаў



Мадрыдскі «Рэал» і «Манчэстар Сіці» упэўнена пераадолелі бар’ер 1/8 фіналу футбольнай Лігі чэмпіёнаў, выйграўшы абодва сваіх матча.

«Рэал» пасля гасцявой перамогі над «Аталантай» з лікам 1:0 быў мацней і на сваім полі – 3:1. У мадрыдцаў вызначыліся Карым Бензема, Серхіа Рамас і Маркас Асенсіа. Адзіны гол «Аталанты» ў актыве Луіса Мурыэля.

«Манчэстар Сіці» зноў выйграў у менхенгладбахскай «Барусіі» з лікам 2:0. У гульні ў адказ гэты лік быў усталяваны ўжо да 18-й хвіліны, калі вызначыліся Кевін Дэ Бройнэ і Ілкай Гюндаган. Раней пуцёўку ў чвэрцьфінал Лігі чэмпіёнаў здабылі «Порту», «Пары Сен-Жэрмен», «Ліверпуль» і «Барусія» (Дортмунд). Яшчэ два месцы будуць разыграныя ў супрацьстаянні «Баварыі» з «Лацыё» і «Чэлсі» з мадрыдскім «Атлетыка».

Беларускі хакеіст Аляксей Протас пакідае менскае „Дынама”

Беларускі форвард Аляксей Протас пакідае менскае „Дынама”, паведамілі ў прэс-службе клуба. 20-гадовага нападніка, які перайшоў у склад „зуброў” мінулым летам, адклікаў з арэнды клуб НХЛ „Вашынгтон Кэпіталз”. За менскае „Дынама” хакеіст правёў 58 матчаў у рэгулярным чэмпіянаце КХЛ і набраў 18 (10 + 8) ачкоў. У плэй-оф на рахунку Аляксея Протаса 4 (1 + 3) балы ў 5 гульнях. Таксама ён быў прызнаны лепшым навічком першага раўнда Кубка Гагарына, стаўшы першым прадстаўніком менскага „Дынама”, прызнаным лепшым гульцом па выніках аднаго з раўндаў плэй-оф. 11 лістапада ў матчы з „Сібір’ю” Аляксей Протас, закінуўшы пятую шайбу з пачатку чэмпіянату, пабіў рэкорд Ягора Шаранговіча па галах у адным сезоне для гульцоў менскага „Дынама” ва ўзросце да 20 гадоў. Клуб падзякаваў хакеіста за гульню і пажадаў яму поспехаў у далейшай кар’еры.

Наталля Петракова і Аляксандр Сыцько будуць кіраваць жаночай зборнай Беларусі па гандболе

Наталля Петракова і Аляксандр Сыцько будуць кіраваць жаночай зборнай Беларусі па гандболе ў бліжэйшых матчах кваліфікацыі чэмпіянату свету-2021. 13 сакавіка на 52-м годзе жыцця памёр галоўны трэнер нацыянальнай каманды і „Гомеля” Томаж Чатэр. Сыцько і Петракова ўваходзілі ў штаб славенскага спецыяліста. Паралельна Сыцько ўзначальвае „Віцяблянку”. У адборавым турніры ў Менску беларускі прымуць зборныя Фарэрскіх Выспаў і Швейцарыі. Матчы пройдуць на „Чыжоўка-Арэне”, уваход вольны. У плей-оф кваліфікацыі трапяць дзве лепшыя зборныя групы.

Пяціразовы чэмпіён свету па біятлоне завяршыў кар’еру

Нямецкі біятланіст Арнд Пайфер абвясціў на сваёй старонцы ў Facebook аб завяршэнні кар’еры. «Пасля столькіх гадоў у біятлоне прымаць рашэнне аб завяршэнні кар’еры няпроста, але для сябе даўно вырашыў, што гэты сезон стане апошнім. Сёлета правёў некалькі добрых гонак, таму ёсць прыемнае адчуванне, што сканчаю выступы, знаходзячыся ў канкурэнтнай форме», – напісаў Пайфер. 34-гадовы біятланіст з’яўляецца двухразовым алімпійскім чэмпіёнам. У яго актыве таксама пяць залатых медалёў чэмпіянатаў свету.

Беларускае Радыё Рацыя