Дзмітрый Бага заключыў кантракт з берасцейскім „Дынама”
„Склад футбольнага клуба „Дынама-Брэст” папоўніў 33-гадовы ўраджэнец Менска паўабаронца Дзмітрый Бага. Кантракт падпісаны да канца года”, – паведамляе прэс-служба клуба. Бага з’яўляецца адным з найбольш тытулаваных гульцоў у гісторыі футбола Беларусі. Ён атрымаў найбольшую вядомасць падчас выступаў за БАТЭ з 2007 па 2015 год, а таксама з 2017 па 2020 год. У гэтыя перыяды ён выйграў дзесяць чэмпіянатаў Беларусі, тры Кубкі краіны і чатыры Суперкубкі.
Акрамя БАТЭ, у кар’еры Дзмітрыя былі ізраільскі „Хапаэль”, грэцкі „Атрамітас” і „Гомель”. У складзе апошняй каманды ён правёў 20 матчаў у мінулым сезоне і забіў адзін мяч. Бага стаў сёмым навічком „Дынама-Брэст” у цяперашняе міжсезонне. Раней склад берасцейцаў папоўнілі Кірыл Сідарэнка, Арсені Канцадайлаў, Дзмітрый Зіновіч, Ігар Ціманюк, Сяргей Кісляк і Дзяніс Садоўскі”, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы берасцейскага „Дынама”.
Сабаленка выйшла ў 1/8 фіналу „Australian Open”
5-я ракетка планеты беларуска Арына Сабаленка выйшла ў 1/8 фіналу „Australian Open”, які праходзіць у Мельбурне. У матчы 1/16 фіналу наша суайчынніца перамагла бельгійку Эліс Мёртэнс – 6:2, 6:3. У наступным раўндзе Сабаленка будзе супернічаць з 10-й ракеткай свету прадстаўніцай Швейцарыі Беліндай Бенчыч.
„Шахцёр” саступіў „Хіміку”, а „Нёман” адолеў „Магілёў”
У чарговых матчах нацыянальнага першынства краіны па хакеі салігорскі „Шахцёр” на сваёй пляцоўцы саступіў у авертайме наваполацкаму „Хіміку” 3:4, а гарадзенкі „Нёман” адолеў у гасцях „Магілёў” 5:4.
Валейбалісткі „Мінчанкі” саступілі „Туліцы” ў матчы расейскай суперлігі
Валейбалісткі „Мінчанкі” няўдала правялі чарговы хатні паядынак адкрытага чэмпіянату Расеі. Чэмпіёнкі Беларусі на пляцоўцы спарткомплексу „Уручча” саступілі тульскай „Туліцы” з лікам 1:3. Для беларускай дружыны гэта чацвёртая параза запар, яна знаходзіцца на 8-й пазіцыі, набраўшы 18 ачкоў. Свой наступны паядынак „Мінчанка” правядзе 29 студзеня ў Саратаве супраць мясцовага „Пратона”, які займае 5-е месца, маючы 30 ачкоў.
„Баварыя” і „Лейпцыг” не змаглі вызначыць пераможцу
Футбалісты „Баварыі” і „Лейпцыга” разышліся мірам у стартавым матчы 16-га тура чэмпіянату Германіі. На гол Эрыка-Максіма Чупа Матынга „быкі” адказалі ўзяццем брамы „зорак поўдня” ў выкананні Марсэля Хальстэнберга. Футбалісты „Мальёркі” выйгралі ў „Сельты” ў хатнім матчы 18-га тура чэмпіянату Іспаніі 1:0. У пераможцаў адзіны гол на рахунку Дані Радрыгеса. „Ювентус” пазбаўлены 15 ачкоў з-за фінансавых махінацый. Каманда апусцілася на 11-е месца ў табліцы.
Федэральны апеляцыйны суд Італіі прыняў рашэнне пакараць „Ювентус” за фінансавыя махінацыі ранейшага кіраўніцтва, якое таксама было адхілена ад футбола на розныя тэрміны. Да гэтага „старая сіньёра” размяшчалася на трэцяй пазіцыі.
Дэпай перайшоў з „Барселоны” ў „Атлетыка”
Мадрыдскі „Атлетыка” аб’явіў аб трансферы Мемфіса Дэпая з „Барселоны”. Тэрмін дзеяння кантракта з 28-гадовым форвардам разлічаны на 2,5 гады. Сума трансфера склала 3 мільёны еўра. У гэтым сезоне на рахунку Мэмфіса адзін гол у двух матчах чэмпіянату Іспаніі.
Алвес узяты пад варту без права ўнясення закладу па абвінавачанні ў згвалтаванні
Дані Алвес узяты пад варту без права ўнясення закладу па абвінавачанні ў згвалтаванні. Былы футбаліст „Барселоны” Дані Алвес быў затрыманы ў Іспаніі па падазрэнні ў сэксуальных дамаганнях. Суд Барселоны распачаў расследаванне „меркаванага злачынства сэксуальнага характару ў выніку скаргі, пададзенай жанчынай на футбаліста”, гаворыцца ў заяве Вярхоўнага суда Каталоніі. Каталонская паліцыя паведаміла, што 2 студзеня да іх паступіла скарга ад жанчыны, якая заявіла, што Алвес дакранаўся да яе неналежным чынам. Па паведамленнях іспанскіх СМІ, меркаваны сэксуальны гвалт адбыўся ў папулярным начным клубе Барселоны ў ноч з 30 на 31 снежня. Згодна з паведамленнямі, футбаліста абвінавацілі ў тым, што ён засунуў рукі жанчыне ў штаны. 39-гадовы Алвес пацвердзіў, што быў у начным клубе ў той час, але адмаўляў якія-небудзь правапарушэнні, заявіўшы, што ён „ніколі раней не бачыў” гэтую жанчыну.
Беларускае Радыё Рацыя