Сабаленка выйшла ў чвэрцьфінал турніру ў Цынцынаці
Cёмая ракетка планеты Арына Сабаленка выйшла ў чвэрцьфінал тэніснага турніру ВТА-1000 у амерыканскім Цынцынаці з прызавым фондам 2 527 250 даляраў. На стадыі 1/8 фіналу беларуска ў трох сэтах адолела амерыканку Шэлбі Роджэрс — 6:4, 6:7 (2), 6:4. За выхад у паўфінал Сабаленка паспрачаецца з 44-й у сусветным рэйтынгу кітаянкай Чжан Шуай. Першая ракетка свету полька Іга Свёнтэк пацярпела паразу ад амерыканкі Мэдысан Кіз з лікам 3:6, 4:6, прайграўшы трэці матч з пяці апошніх.
Завяршыўся чэмпіянат Беларусі па лёгкай атлетыцы
На нацыянальным алімпійскім стадыёне „Дынама” прайшоў заключны, трэці дзень чэмпіянат Беларусі па лёгкай атлетыцы. У апошні дзень спаборніцтваў адбыліся 22 фіналы. У хадзе на 5000 м пераможцамі сталі Анатоль Гомелеў і Ганна Цярлюкевіч; у бегу на 200 м: Максім Багдан і Эльвіра Герман; на 800 м: Ілля Карнавухаў і Таццяна Шабанава; у бегу на 400 м з бар’ерамі: Ягор Хаўратовіч і Кацярына Белановіч; а на дыстанцыі 5000 м: Вячаслаў Скудны і Вольга Немагай; скачкі ў вышыню выйгалі расеец Ілля Іванюк і беларуска Карына Дзямідзік; а скачкі ў даўжыню: Уладзіслаў Булахоў і Анастасія Мірончык-Іванова; у штурханні ядра: Алег Тамашэвіч і Алена Дубіцкая; у кіданні молата лепшымі былі Аляксандр Шымановіч і Алена Собалева; у дзесяцібор’е і сямібор’е перамогу святкавалі Віталь Жук і Шарлота Паэглітэ.
Навіцкі выйграў золата ЧЕ-2022 у кіданні молата з лепшым вынікам сусветнага сезона
У Мюнхене працягваецца чэмпіянат Еўропы па лёгкай атлетыцы. У фінале кідання молата золата выйграў паляк Войцэх Навіцкі, які паказаў лепшы вынік сусветнага сезона – 82 метры. Срэбро заваяваў венгр Беншэ Халаш — 80,92, бронзу — нарвежац Эйвінд Хенрыксен — 79,45. Пяціразовы чэмпіён свету з Польшчы Павел Файдэк застаўся без узнагарод, кінуўшы снарад на 79,15 метраў і заняўшы 4-е месца.
«Лех» і „Ракув” перамаглі ў раўндзе плэй-оф Лігі канферэнцый
Польскі „Лех” з розніцай у два мячы перайграў люксембургскі „Дзюдзеланж” у першым матчы раунда плэй-оф Лігі канферэнцый УЕФА, які адбыўся на стадыёне „Мейскі” ў Познані. «Лех» забіў па голу ў кожным з таймаў — лік адкрыў Крыстафер Вельдзе на 6-й хвіліне сустрэчы, а Мікаэль Ісхак на 66-й ўмацаваў перавагу польскага клуба. Пры гэтым „Лех” заканчваў матч у меншасці пасля выдалення на 88-й хвіліне Антоніа Міліча. „Ракув” на хатняй арэне «Мейскі Пілкарскі Ракаў» ў Чэнстахове адолеў пражскую „Славію” — 2:1. За «Ракаў» вызначыліся: Іван Лопес на 29-й хвіліне і Фран Тудар на 61-й хвіліне. У «Славіі» забіў Томаш Голеш на 60-й хвіліне. Матч у адказ пройдзе 25 жніўня ў Празе.
Ігар Стасевіч трэніруецца з „Іслаччу”
Беларускі паўабаронца Ігар Стасевіч трэніруецца з „Іслаччу”. Па звестках pressball.by, 36-гадовы хаўбек падтрымлівае форму ў складзе „ваўкоў”. Стасевіч знаходзіцца без клуба пасля таго, як пакінуў расійскую „Чайку” 16 чэрвеня. Стасевіч правёў за „Чайку” 11 матчаў у ФНЛ-2 (гэта трэці расейскі дывізіён), у якіх забіў адзін мяч. Акрамя таго, на рахунку паўабаронцы адзін матч у Кубку Расіі.
Беларускія футбалісткі выйшлі ў фінал кваліфікацыі ЛЧ
Беларускія футбалісткі паспяхова стартавалі ў новым сезоне жаночай Лігі чэмпіёнаў. Чэмпіён і ўладальнік Кубка Беларусі сталічнае „Дынама-БДУФК” у паўночнамакедонскім Скоп’і ў паўфінале адборавай 9-й групы разграміла балгарскі клуб „Лакаматыў” са Старой Загоры з лікам 5:0. Галявы дубль у гэтай сустрэчы аформілі Ганна Піліпенка і Вікторыя Валюк, яшчэ адзін мяч забіла Анастасія Лінік. У нядзелю дынамаўская дружына паспрачаецца за выхад у наступны раунд з аўстрыйскім „Санкт-Пельтэнам”.
Новы чэмпіянат Беларусі па міні-футболе пачнецца 17 верасня
У вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі па міні-футболе прымуць удзел 11 клубаў. З каманд, якія стартавалі ў мінулым сезоне, не будзе „Ліды” і „Першага рэгіёну” з Берасця. Матчы першага тура чарговага, ужо 34-га па ліку нацыянальнага першынства, пройдуць 17 і 18 верасня. Чэмпіёны краіны спартоўцы „Сталіцы” стартуюць гасцявым паядынкам з менскім клубам „Ахова-Дынама”, а ў другім туры прымуць на сваёй арэне гарадзенскае „УУС-Дынама”.
Беларускае Радыё Рацыя