Салігорскі „Шахцёр” лёгка вярнуў лідарства
Ва ўсіх трох нядзельных спатканнях футбольнага чэмпіянату Беларусі гаспадары поля дамагліся вікторый.
Найбольш пераканаўчай была перавага салігорскага „Шахцёра” над „Гарадзеяй” – 4:0. Ужо ў першым тайме салігорцы, якія выствілі ў старце ажно трох нападнікаў, „адгрузілі” у браму гасцей тры мячы: іх аўтары якраз форварды Віталь Лісаковіч, Мікалай Януш і Дзяніс Лапцеў. На 76-й хвіліне Юры Кавалёў замацаваў перавагу фаварыта. Такім чынам „Шахцёр” зноў узняўся на вяршыню турнірнай табліцы.
З такім жа лікам 4:0 берасцейскае „Дынама” разабралася з маладой камандай „Мінск”. Праўда тут госці значна „дапамаглі” бела-блакітным: ажно два мячы сталіся аўтаголамі – іх аўтары брамнік Павел Часноўскі і навабранец сталічнікаў Цярэнці Луцэвіч. Іншыя снайперы паядынка – Нівалда і Павел Няхайчык, які забіў першы мяч за берасцейцаў.
Больш упартым выдаўся матч паміж менскім „Дынамам” і магілёўскім Дняпром”. Урэшце менчукі ўзялі рэванш за нядаўнюю паразу ў Кубку краіны. Лік сустрэчы 2:1 на карысць дынамаўцаў. Лік адкрыў Антон Сарока з пенальці на 39-й хвіліне, На 67-й Раман Бегуноў павялічыў перавагу гаспадароў. На 78-й Антон Шэпелеў правёў мяч прэстыжу. На тым і разышліся.
У панядзелак ФК „Слуцк” дастаткова нечакана саступіў на сваім полі, здавалася б, безнадзейнаму аўтсайдару – 0:1. Адзіны мяч забіў на 59-й хвіліне Рыжко.
Верхняя частка турнірнай табліцы пасля 16 тураў : 1. „Шахцёр” (Салігорск) – 39 ачкоў, 2. БАТЭ – 36 ачкоў, 3. „Дынама” (Менск) – 34, 4. „Нёман” – 28, 5. ФК „Слуцк” – 28. Беларускае Радыё Рацыя
Array