Сасновіч выйшла ў 1/2 фіналу турніру ў Кліўлендзе
Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч выйшла ў паўфінал турніру катэгорыі WTA-250 у амерыканскім Кліўлендзе з прызавым фондам 251 тысяча даляраў. У чвэрцьфінале беларуска ўпэўнена перайграла ў дзвюх партыях амерыканскую тэнісістку Мэдысан Брэнгл – 6:4, 6:1. У матчы за трапленне ў фінал Сасновіч сустрэнецца з пераможцай сустрэчы паміж францужанкай Алізе Карнэ і кітаянкай Чжан Шуай.
„Мяшкоў Берасце” прайграў паўночнамакедонскаму „Еўрафарму” ў серыі пенальці
„Мяшкоў Берасце” прайграў паўночнамакедонскаму „Еўрафарму” ў серыі пенальці. У Скоп’е ў рамках 1/4 фіналу інтэрнацыянальнай СЕХА-лігі „Еўрафарм Пелістэр” у серыі пенальці абыграў „Мяшкоў Берасце” — 27:26. Асноўны час матчу завяршыўся ўнічыю – 23:23. Да канца пятай серыі сяміметровых кідкоў гульцы абедзвюх каманд прамахнуліся па разе. Заключны пенальці не рэалізаваў пачатковец мяшкоўцаў Мікалай Алёхін.
Гандбалісты менскага СКА сталі пераможцамі турніру ў Гомелі
Гандбалісты менскага СКА сталі пераможцамі турніру ў Гомелі ў гонар 880-годдзя заснавання горада над Сожам. У вырашальным паядынку за першае месца падначаленыя Ігара Папругі выйгралі ў гандбалістаў „Гомеля” з лікам 37:33. У першым туры менчане разграмілі гарадзенскі „Кронан” – 35:20, а потым узялі верх над гандбалістамі магілёўскага клуба „Машэка” з лікам 35:31. У гульні за трэцяе месца магіляўчане адолелі гарадзенскую дружыну з мінімальнай перавагай – 37:36.
„Лех” выйшаў у групавы этап Лігі еўрапейскіх канферэнцый
Познаньскі «Лех» згуляе ў групавым раўндзе Лігі еўрапейскіх канферэнцый. Польская каманда згуляла ўнічыю 1-1 з люксембуржскім клубам „Дзюдзеланж” у матчы ў адказ чацвёртага кваліфікацыйнага раунда і забяспечыла сабе ўдзел у еўрапейскіх спаборніцтвах. Першы гол у матчы ў адказ забіла каманда з Люксембурга, але чэмпіёны Польшчы ўдала адказалі голам Жоэля Перэйры, якому асіставаў Гіо Цітаішвілі. У першым матчы, нагадаю, „Лех” выйграў 2-0. Такім чынам, каманда пад кіраўніцтвам Джона ван дэн Брома выступіць у групавым этапе ЛКЕ і, верагодна, трапіць у чацвёрты кошык. А вось „Ракаў” з Чэнстаховы у Празе не здолеў ўтрымаць перавагу ў адзін мяч з першай сустрэчы і выйсці ў групавы этап Лігі еўрапейскіх канферэнцый. Польскі віцэ-чэмпіён прайграў пражскай «Славіі» з лікам 0:2, прапусціўшы вырашальны гол у дадатковы час на 121-й хвіліне.
Беларускае Радыё Рацыя