„Шахцёр” саступіў „Марыбору” ў кваліфікацыі футбольнай Лігі чэмпіёнаў
Футбалісты салігорскага „Шахцёра” не змаглі прабіцца ў другі кваліфікацыйны раунд Лігі чэмпіёнаў.
У паядынку ў адказ стартавага этапа кваліфікацыі чэмпіёны Беларусі на полі стадыёна „Сакар’я Атацюрк” у турэцкім Адапазары прайгралі славенскаму „Марыбару” з лікам 0:2.
Падначаленыя Сяргея Ташуева няўдала пачалі сустрэчу, прапусціўшы мяч на 12-й хвіліне пасля дакладнага ўдару Рока Батурыны. У пачатку другога тайма ён жа забіў другі мяч. Усе спробы „Шахцёра” адыграцца поспехам не ўвянчаліся. Тыдзень таму ў Марыбары супернікі згулялі ўнічыю 0:0. У другім раундзе кваліфікацыі чэмпіёнскай Лігі „Марыбор” сустрэнецца з малдаўскім „Шэрыфам”. „Шахцёр” такім чынам працягнуў серыю без перамог у еўракубках да 10 сустрэч

Сотнікаў перайшоў з „Шахцёра” ў БАТЭ
Абаронца Віктар Сотнікаў перайшоў з салігорскага „Шахцёра” ў БАТЭ. Кантракт з 20-гадовым гульцом разлічаны да канца 2024 года, паведамляе прэс-служба барысаўскага клуба.
У структуры „Шахцёра” Сотнікаў апынуўся летам 2014-га і прайшоў праз каманды розных узростаў клуба. Усяго за аснову „Шахцёра” ў Сотнікава 30 матчаў (22 — у чэмпіянаце Беларусі, 7 — у Кубку краіны, 1 — у Лізе Еўропы). Летась ў складзе салігорцаў ён стаў чэмпіёнам краіны і ўладальнікам Суперкубка. Акрамя гэтага, у 2019-м гуляў у юніёрскай зборнай Беларусі (4 матчы), а з 2020 па 2022 гады – у „маладзёжцы” згуляў 11 паядынкаў.
Сасновіч прайграла ў 1/8 фіналу турніру ў Будапешце
Беларуская тэнісістка 36-ы нумар сусветнага рэйтынгу Аляксандра Сасновіч не здолела выйсці ў чвэрцьфінал турніру катэгорыі WTA-250 у Будапешце з прызавым фондам 203 тысячы еўра.
У паядынку другога раунда беларуска саступіла ў дзвюх партыях амерыканскай тэнісістцы Бернардзе Перэ – 5:7, 2:6. Матч доўжыўся 1 гадзіну 40 хвілін.
Алёхін стаў гульцом „Мяшкоў Брэст”
Мікалай Алёхін стаў гульцом „Мяшкоў Брэст”. „Правы паўсярэдні заключыў гадавы кантакт.
24-гадовы гулец нарадзіўся ў Наваполацку, аднак у раннім узросце апынуўся ў сістэме СКА і прафесійную кар’еру пачынаў у сталічнай камандзе. Алёхін выступаў за армейцаў на працягу шасці сезонаў. За гэты час ён згуляў 211 матчаў і закінуў 780 мячоў. Двойчы станавіўся ўладальнікам Кубка Беларусі. А па выніках мінулага сезона быў прызнаны лепшым правым паўсярэднім Парыматч-Суперлігі.
Акрамя таго, Мікалай рэгулярна выклікаўся ў нацыянальную зборную. Ездзіў на тры апошнія чэмпіянаты Еўропы і чэмпіянат свету-2021″, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы клуба.
Корабаў працягне выступленні за менскае „Дынама”
Хакейнае менскае „Дынама” аб’явіла аб падпісанні кантракта з беларускім абаронцам Дзмітрыем Корабавым.
Будучы чэмпіянат КХЛ стане для 33-гадовага абаронцы ўжо сёмым у складзе „зуброў”. У мінулым сезоне Корабаў згуляў за „Дынама” ў 45 сустрэчах, дзе набраў 5 (3+2) ачкоў пры паказчыку карыснасці „0”. Раней у КХЛ Дзмітрый выступаў за „Салават Юлаеў”, „Спартак”, „Тарпеда”, „Амур” і „Атлант”, усяго ў лізе абаронца правёў 432 матчы, у якіх зарабіў 86 (18+68) ачкоў. У складзе нацыянальнай каманды Беларусі Дзмітрый Корабаў прыняў удзел у дзевяці чэмпіянатах свету, а ў сезоне 2013/14 хакеіст згуляў тры матчы ў НХЛ за „Тампу-Бэй Лайтнінг”.
Завершаны другі дзень адкрытага Кубка Беларусі па лёгкай атлетыцы.
Эльвіра Герман усталявала асабісты рэкорд і перамагла паказаўшы 5-ы вынік сезона ў свеце ў фінале стомятроўкі з бар’ерамі – 12,44 секунды
У сектары скакуноў з шостам нулявы вынік атрымаў лідэр зборнай Беларусі ў гэтым відзе Мацвей Волкаў. Былы расійскі скакун, чэмпіён свету сярод юніёраў у трох спробах не змог узяць пачатковую вышыню – 4,80. Пераможцам спаборніцтваў стаў Дзмітрый Марфушкін, які скокнуў на 5,30. Максім Несцярэнка выйграў трайны скачок з асабістым рэкордам і восьмым вынікам сезона ў свеце – 17,24. Анастасія Мірончык-Іванова стала пераможцай у скачках у даўжыню. У найлепшай сваёй спробе яна паляцела на 6 метраў 56 сантыметраў. У сваёй найлепшай спробе Таццяна Халадовіч кінула дзіду на 66 метраў 19 сантыметраў, што стала лепшым вынікам сезона ў свеце.
Бажкоў стаў пераможцам першага этапа велагонкі „Тур Беларусі”
Станіслаў Бажкоў стаў пераможцам першага этапа міжнароднай шашэйнай велагонкі „Тур Беларусі”. Веласіпедысты пераадолелі дыстанцыю 153 км ад Берасцейскай крэпасці да Белавежскай пушчы. У фінішным створы Станіслаў Бажкоў апынуўся хутчэй за Яўгена Каралька і Сяргея Шаўчэнку, якія занялі другое і трэцяе месцы адпаведна. У агульным заліку „Тура Беларусі” працягвае лідыраваць Каралёк, які напярэдадні ў складзе каманды Гарадзенскай вобласці стаў пераможцам групавой гонкі.
Экіпаж Вязовіча заняў чацвёртае месца на чарговым этапе ралі „Шаўковы шлях”
Экіпаж беларускай каманды „МАЗ-СПОРТаўта” не трапіў ў тройку лепшых на сёмым этапе ралі „Шаўковы шлях” у заліку грузавікоў.
Агульная працягласць кальцавога этапу са стартам і фінішам у Элісце склала амаль 350 км. Хутчэй за ўсіх дыстанцыю пераадолеў экіпаж каманды „КАМАЗ-майстар”, якім кіраваў Эдуард Мікалаеў.
Беларускае Радыё Рацыя