„Шахцёр” згуляе ў Турцыі з „Марыбарам” у кваліфікацыі ЛЧ




Футбалісты салігорскага „Шахцёра” правядуць сёння паядынак у адказ першага кваліфікацыйнага раўнда Лігі чэмпіёнаў супраць славенскага „Марыбара”. Сустрэча паміж чэмпіёнамі Беларусі і Славеніі пройдзе на полі стадыёна „Сакар’я Атацюрк” у турэцкім Адапазары (пачатак у 20.00 па беларускім часе). Тыдзень таму ў Марыбары супернікі згулялі ўнічыю 0:0. Пераможца гульні ў другім раўндзе кваліфікацыі чэмпіёнскай Лігі сустрэнецца з малдаўскім „Шэрыфам” з Ціраспаля. Чэмпіён Малдовы адолеў па суме дзвюх сустрэч баснійскі клуб „Зрынскі” з Мостара – 0:0 (у гасцях) і 1:0 (дома). Каманда, якая прайграе, працягне выступы ў кваліфікацыі Лігі канферэнцый. Напярэдадні ў другі кваліфікацыйны раўнд прайшлі люксембургскі „Дзюдзеланж”, ірландскі „Шэмрок Роверс”, балгарскі „Лудагорац” і шведскі „Мальмё”. Таксама свае матчы згулялі раней і прайшлі ў наступны этап фінскі ХІК, літоўскі „Жальгірыс”, азербайджанскі „Карабах”, „Шкупі” з Паўночнай Македоніі і малдаўскі „Шэрыф”.

„Барселона” заплаціць 58 мільёнаў еўра за Рафіню

Вінгер Рафінья Дыяс у хуткім часе стане гульцом „Барселоны”. Сіне-гранатавыя зрабілі афіцыйную прапанову „Лідсу”, якая будзе прынята кіраўніцтвам англійскай каманды. „Лідс” гарантавана атрымае 58 мільёнаў еўра за 25-гадовага паўабаронцу, яшчэ ад 7 да 10 мільёнаў прадугледжаны ў якасці бонусаў. У мінулым сезоне АПЛ Рафінья правёў 35 матчаў, у якіх забіў 11 галоў і зрабіў 3 асісты.

„Мяшкоў Брэст” сустрэнецца ў рамках 1/4 фіналу СЕХА-Лігі з „Еўрафармам”

Прайшло пасяджэнне выканкама СЕХA-Лігі. На ім было прынята рашэнне дагуляць сезон-2021/22. Турнір працягнецца ў жніўні і адновіцца адразу з чвэрцьфінальнай стадыі. Паколькі групавы этап не завяршыўся, кіраўніцтва лігі вырашыла падлічыць сярэдні рэйтынг каманд за ўсе гады і такім чынам выбраць васьмёрку наймацнейшых, якая прыме ўдзел у плэй-оф, паведамляе прэс-служба берасцейцаў.

Пары чвэрцьфіналістаў вызначыліся лёсаваннем. Супернікі выявяць пераможцу ў адным матчы. Гаспадароў адзінага паядынку таксама назвала лёсаванне. „Мяшкову” выпала гуляць у гасцях з „Еўрафармам Пелістэр” з Паўночнай Македоніі. Матчы пройдуць у перыяд з 8 па 25 жніўня, а „Фінал чатырох” адбудзецца 2-4 верасня ў харвацкім Задары. Пераможца пары „Мяшкоў Брэст” — „Еўрафарм” у паўфінале сустрэнецца з „Татранам” або „Веспрэмам”.

Недасекаў стаў пераможцам Кубка Беларусі

На набярэжнай Ф.Скарыны, што ў Берасці, прайшлі мужчынскія спаборніцтвы ў скачках у вышыню ў межах Кубка Беларусі. Перамог бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў у Токіа-2020 Максім Недасекаў.
У найлепшай спробе лёгкаатлет пераадолеў вышыню 2 метры 10 сантыметраў. Скакуны спаборнічалі ў праліўны дождж пры моцным ветры і тэмпературы паветра 15 градусаў па Цэльсіі.

„Піцбург” і Яўген Малкін падпісалі новы кантракт

Расійскі нападнік „Піцбурга” Яўген Малкін працягне выступаць за „Пінгвінз”. Бакі падпісалі новы кантракт. Такое паведамленне змяшчаецца на афіцыйным сайце клуба НХЛ. Бакі заключылі чатырохгадовае пагадненне на 24,4 мільёна даляраў. Такім чынам, сярэднегадавы заробак форварда складзе 6,1 мільёна даляраў.

Раней паведамлялася аб тым, што трохразовы ўладальнік Кубка Стэнлі ў складзе „Піцбурга” і кіраўніцтва клуба вялі напружаныя перамовы наконт умоў пагаднення. У мінулым сезоне Малкін правёў 41 матч у рэгулярным чэмпіянаце і набраў 42 (20+22) ачкі. У плэй-оф у яго шэсць (3+3) ачкоў у сямі сустрэчах. Расеец выступае за „Піцбург” з 2006 года.

Беларускае Радыё Рацыя