Шаўга выйграла турнір у Егіпце



Беларуская тэнісістка Дар’я Шаўга стала пераможцай турніру ITF у егіпецкім Шарм-эль-Шэйху з прызавым фондам 15 тысяч даляраў. У фінале 19-гадовая беларуска абыграла ў трохсэтавым паядынку прадстаўніцу Ганконга Хо-Чынг Ву – 4:6, 6:3, 6:3. Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў паспяхова стартаваў на турніры катэгорыі Challenger-100 у Вільні з прызавым фондам 118 тысяч даляраў. У першым раундзе кваліфікацыі беларус за паўтары гадзіны ўпэўнена перайграў у дзвюх партыях літоўскага тэнісіста Томаса Вайзэ – 6:3, 6:4.

„Юнацтва” гарантавала сабе пуцёўку ў плэй-оф

„Юнацтва” ўслед за „Нёманам” і „Шахцёрам” гарантавала сабе месца ў топ-6 па выніках рэгулярнага чэмпіянату Беларусі па хакею і аформіла тым самым пропуск у плэй-оф. Менчанам дапамог „Хімік”, які абыграў у гасцях „Брэст” 2:0. У іншых матчах гарадзенскі „Нёман” на хатняй арэне абыграў „Лакаматыў” 4:3, а „Ліда” саступіла „Віцебску” – 2:4.

СКА другі раз абыграў „Мяшкоў Брэст” у чэмпіянаце Беларусі

Гандбалісты менскага СКА перамаглі „Мяшкоў Брэст” з лікам 28:23 у цэнтральным паядынку чарговага тура чэмпіянату Беларусі. Да гэтага галоўныя фаварыты нацыянальнага чэмпіянату сустракаліся яшчэ двойчы: у Менску была зафіксавана баявая нічыя – 27:27, а ў Берасці сталічныя армейцы выйгралі 32:30. Пасля 18 праведзеных гульняў у СКА стала 34 ачкі, „Мяшкоў Брэст” адстае на 5 балаў, згуляўшы на адзін матч менш.

Беларусы другі раз перамаглі зборную Узбекістана па міні-футболе

Зборная Беларусі па міні-футболе святкавала валявую вікторыю над камандай Узбекістана ў таварыскім паядынку ў Менску – 7:4. У першым матчы ў Магілёве падначаленыя Аляксандра Чэрніка таксама былі мацней за адну з лепшых каманд Азіі, выйграўшы з лікам 3:1. Для зборнай Беларусі гэтыя спарынгі сталі апошняй праверкай сіл перад заключнымі паядынкамі адборавага турніру чэмпіянату свету 2024 года. 2 і 4 сакавіка беларусы сустрэнуцца з камандай Літвы, а 7 сакавіка завершаць выступы ў 4-й кваліфікацыйнай групе гульнёй з яе лідэрам дзейным чэмпіёнам свету і Еўропы зборнай Партугаліі.

Валадзько забіў пераможны гол у матчы чэмпіянату Андоры

У матчы шаснаццатага тура чэмпіянату Андоры „Санта-Калома” на сваім полі абыграла „Пенью” з лікам 3:2. Беларускі абаронца гаспадароў Максім Валадзько забіў пераможны гол на 81-й хвіліне. „Санта-Калома” з 34 ачкамі займае другое месца.

Гол Кейна дапамог „Тотэнхэму” адолець „Манчэстэр Сіці”

У рамках 22 тура чэмпіянату Англіі „Тотэнхэм” на хатняй арэне абыграў „Манчэстэр Сіці” з лікам 1:0. Адзіны гол на 15-й хвіліне забіў Хары Кейн. Гэты гол стаў для Кейна 267-м за „шпор”, тым самым ангелец стаў лепшым бамбардзірам каманды за ўсю яе гісторыю. „Гараджане” ўпусцілі магчымасць наблізіцца да лідыруючага „Арсенала”, захаваўшы ў актыве 45 балаў (што на пяць менш, чым у „кананіраў”). „Тотэнхэм” застаўся на пятым месцы з 39 ачкамі ў актыве. У матчы 21 тура італьянскай Серыі А „Інтэр” выйграў у „Мілана” 1:0. Адзіны гол на рахунку аргенцінца Лаўтара Марцінэса на 34 хвіліне. „Інтэр” скараціў адставанне ад лідыруючага „Напалі” да 13 ачкоў і займае другое месца. У „Мілана” гэта трэцяя параза запар – ён займае шостае месца з 38 баламі ў актыве.
У матчы 20 тура іспанскай Прымеры „Барселона” на сваім полі разграміла „Севілью” з лікам 3:0 дзякуючы галам Альбы, Гаві і Рафіньі. Такім чынам, „Барса” адарвалася ад мадрыдскага „Рэала”, які нечакана саступіў „Мальёрцы” 0:1, на 8 ачкоў.

Беларускае Радыё Рацыя