СКА на апошніх секундах упусціў перамогу ў матчы з „Мяшкоў-Брэстам”



Гандбалісты клуба „Мяшкоў Брэст” і менскі СКА згулялі ўнічыю 27:27 у цэнтральным паядынку 4-га тура мужчынскага чэмпіянату Беларусі. Менскі СКА на апошніх секундах упусціў перамогу ў матчы з „Мяшкоў-Брэстам”. У апошняй атацы армейцы парушылі правілы, мяч атрымалі госці, якія арганізавалі хуткую контратаку. І Максім Баранаў параўняў лік за імгненні да сірэны. У „Мяшкоў-Брэста” 7 ачкоў, у СКА — 6.
Таксама ўладальнікі бронзы мінулага чэмпіянату гандбалісты „Гомеля” перамаглі ў Менску каманду „Бусел Кітая” з лікам 31:29.

Тры паядынкі адбыліся і ў жаночым першынстве. Чэмпіёнкі краіны гандбалісткі „Гомеля” ўпэўнена перайгралі ў сябе дома юніёрскую зборную 36:25. Срэбраны прызёр „БНТУ-БелАЗ” абыграў у Гародні „Гараднічанку” – 28:18. У Бабруйску гандбалісткі „Бярэзіны” нанеслі паразу берасцейскаму клубу „Вікторыя-Бярэсце” – 28:27.

Футбалісты моладзевай зборнай Беларусі прайгралі расейцам у таварыскім матчы

Футбалісты моладзевай зборнай Беларусі (U-21) пацярпелі разгромную паразу ад расейскіх аднагодкаў у таварыскім матчы. На полі гарадскога стадыёна ў Барысаве падначаленыя Сяргея Ясінскага не змаглі аказаць гасцям дастойнага супраціву, прайграўшы з лікам 1:6.
Свой наступны спарынг беларуская „маладзёўка” правядзе 27 верасня на полі менскага стадыёна „Трактар” супраць каманды Казахстана.

Казахстан і Беларусь згуляюць у Лізе Нацый

Сёння ў групе 3 дывізіёна С Лігі нацый адбудзецца матч 5-га тура, у якім сустрэнуцца зборныя Казахстана і Беларусі.
Матч пройдзе ў Астане і пачнецца ў 17 гадзін па беларускім часе. Букмекеры аддаюць нязначную перавагу гаспадарам поля. Пасля чатырох згуляных матчаў зборная Казахстана лідыруе ў групе, маючы ў актыве 10 ачкоў; зборная Беларусі займае апошняе, чацвёртае месца, – у яе толькі 2 ачкі. У сваім апошнім матчы зборная Казахстана на сваім полі перамагла славакаў 2:1, а зборная Беларусі на выездзе саступіла Азербайджану 0:2. Што да першай вочнай сустрэчы Казахстана і Беларусі, то гэты матч адбыўся ў чэрвені на нейтральным полі ў сербскім Нові-Садзе і скончыўся з лікам 1:1. Таксама сёння польская зборная згуляе са зборнай Нідэрляндаў. Пакуль што Польшча захоўвае „прывідныя” шанцы на тое, каб заняць першае месца ў групе D. Каманда ідзе трэцяй у квартэце з чатырма ачкамі. Бельгія абганяе палякаў на тры балы, а лідыруючыя Нідэрланды – на шэсць. Так што падначаленым Чэслава Міхневіча патрэбны ўпэўненыя перамогі ў астатніх турах. Аднак да гэтага „белыя арлы” рэдка выйгравалі – толькі адна перамога ў чатырох сустрэчах.

Шкурын забіў эфектны мяч за ізраільскі «Макабі» з Пэтах-Тыква

Беларус Ілля Шкурын забіў эфектны мяч за ізраільскі «Макабі» з Пэтах-Тыква. Яго каманда разграміла „Хапаэль” – 4:0.
Цяпер на рахунку 23-гадовага беларуса два забітыя мячы і галавая перадача ў трох матчах другога футбольнага дывізіёна Ізраіля.

Беларускія валейбалісты другі раз прайгралі расейцам

Валейбалісты зборнай Беларусі другі раз саступілі расейцам у таварыскім матчы ў Маскве. На пляцоўцы маскоўскага спарткомплексу „Дынама” беларускія валейбалісты зноў саступілі зборнай Расеі з сухім лікам 0:3. На мінулым тыдні жаночыя зборныя Беларусі і Расеі двойчы згулялі ў Маскве і абодва разы гаспадыні выйгралі з тым жа сухім лікам 3:0.

Менскае „Дынама” згуляе супраць ЦСКА ў матчы чэмпіянату КХЛ

Хакеісты сталічнага „Дынама” сёння на „Мінск-Арэне” правядуць матч супраць дзейнага чэмпіёна КХЛ – маскоўскага ЦСКА.
„Зубры” і „армейцы” пачалі сезон аднолькава паспяхова: у актыве абедзвюх каманд па 11 ачкоў пасля 8 сустрэч. У табліцы Заходняй канферэнцыі менчукі ідуць шостымі, масквічы размяшчаюцца на 2 радкі вышэй з-за большай колькасці перамог у асноўны час. ЦСКА можна назваць адным з самых нязручных супернікаў для „Дынама”: у апошніх дваццаці афіцыйных матчах менчукі перамаглі толькі аднойчы. Чарговая сустрэча „зуброў” з „армейцамі” стартуе на „Мінск-Арэне” ў 19.10, гэты паядынак стане для дынамаўцаў заключным у бягучай хатняй серыі.

Беларускае Радыё Рацыя