Ціманоўская атрымала польскае грамадзянства
Беларуская лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская афіцыйна стала грамадзянкай Польшчы. Польскае грамадзянства ўраджэнцы Клімавічаў выдадзена ўказам прэзідэнта Анджэя Дуды ад 28 чэрвеня 2022 года. „Так цяжка пра гэта маўчаць больш за месяц, але цяпер сэнсу больш няма”, — напісала спартоўка ў сябе ў Інстаграме.
Халеп сенсацыйна саступіла ўкраінцы Снігур у 1/64 фіналу US Open
Сёмая ракетка свету, румынка Сімона Халеп прайграла 126-й ракетцы Дарыі Снігур з Украіны ў рамках 1/64 фіналу адкрытага чэмпіянату ЗША па тэнісе – 2:6, 6:0, 4:6. Матч доўжыўся 1 гадзіну і 42 хвіліны. Снігур у 2019-м годзе стала трыўмфатарам юніёрскага розыгрышу Уімблдона. Наступнай суперніцай Дарыі стане пераможца пары Магдалена Фрэш — Рэбека Марына. Сёння вечарам у першым раундзе жаночага адзіночнага разраду шостая ракетка свету Арына Сабаленка сустрэнецца з амерыканскай тэнісісткай 243-ім нумарам рэйтынгу WTA Кэтрын Харысан. Вікторыя Азаранка згуляе з яшчэ адной амерыканкай Эшлі Кругер. Суперніцай Аляксандры Сасновіч будзе італьянка Элізабэта Качарэта.
Тры беларускія хакеісты падпісалі кантракты з менскім „Дынама”
Хакейнае менскае „Дынама” аб’явіла аб падпісанні кантрактаў з трыма маладымі беларускімі гульцамі. Двухбаковыя пагадненні з „зубрамі” заключылі Міраслаў Міхалёў, Ягор Ігнаценка і Сцяпан Звягін. У мінулым сезоне юныя форварды выступалі за „Дынама-Маладзечна” у экстралізе і „Менскіх зуброў” у вышэйшай лізе. Міраслаў Міхалёў раней меў з „Дынама” пробны кантракт і нават правёў адзін матч у КХЛ. Што да Сцяпана Звягіна, то гэтым летам хакеіст адзначыўся закінутай шайбай у брамку санкт-пецярбургскага СКА на перадсезонным турніры. Першы матч у рэгулярным чэмпіянаце новага сезона Кантынентальнай хакейнай лігі сталічнае „Дынама” правядзе 3 верасня на „Менск-Арэне” супраць „Барыса”.
Тры расейскія хакеісты „Нёмана” могуць атрымаць беларускія пашпарты
Расейскія нападнікі „Нёмана” Герман Паддубны, Максім Карпаў і Даніла Барабаш у бліжэйшы час могуць атрымаць беларускія пашпарты, паведамляе тэлеграм-канал Selivon. Карпаў і Барабаш толькі гэтым летам перабраліся ў Беларусь пасля МХЛ, а для Паддубнага маючы адбыцца сезон стане другім у беларускай экстралізе.
Адзін з найлепшых бамбардзіраў чэмпіянату Беларусі выбыў да канца сезона
Адзін з найлепшых бамбардзіраў чэмпіянату Беларусі па футболе ў вышэйшай лізе Ілья Васільеў з „Белшыны” выбыў да канца сезона. У яго сур’ёзная траўма. „Калена дало збой. Для мяне гэта была заключная гульня ў сезоне”, — напісаў футбаліст у Telegram. Васільеў прызнаецца, што раней у яго сур’ёзных траўмаў не было. Цяпер жа яго чакае аперацыя. 31 жніўня ён едзе ў Расію. Ілля Васільеў – расійскі легіянер. Яму 25 гадоў. У першынстве Беларусі ён забіў 9 галоў (гэта пакуль трэці вынік). Траўму футбаліст атрымаў у матчы з менскім „Дынама”.
Беларускае Радыё Рацыя