У Беластоку пройдзе Чэмпіянат Польшчы па лёгкай атлетыцы
Лёгкаатлетычны чэмпіянат Польшчы ў 2017 годзе адбудзецца ў Беластоку. Пра гэта паведаміў прэзідэнт горада Тадэвуш Трускаляскі на канферэнцыі, арганізаванай сумесна з прадстаўнікамі падляшскага аддзелу Польскага саюзу лёгкай атлетыкі.
Чэмпіянат пройдзе з 21 па 23 ліпеня 2017 года на гарадскім стадыёне. Гэта гістарычны момант для Беластока, кажа прэзідэнт горада Тадэвуш Трускаляскі:
– У Беластоку праходзіў Чэмпіянат пажылых людзей, але толькі сярод мужчын, 80 год таму – ў 1935 годзе. Таму мерапрыемства такога роўня адбудзецца першы раз. Гэта мерапрыемства высокага рангу.
У гэтым годзе заканчваецца рамонт бегавой дарожкі (трэка) на стадыёне. Кошт усіх працаў складзе тры мільёны дзвесце тысяч злотых.
Лёгкаатлетычныя спаборніцтвы ў Беластоку будуць адным з апошніх шанцаў для польскіх спартсменаў трапіць на чэмпіянат свету ў Лондане.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота bialystok.naszemiasto.pl
Array
