Украінец Васіль Козар пакінуў пасаду галоўнага трэнера „Бярэсця”
Украінец Васіль Козар пакінуў пасаду галоўнага трэнера жаночага гандбольнага клуба „Бярэсце”. Выканаўцам абавязкаў рулявога прызначаны Юрый Карпук. У апошнім туры „Бярэсце” саступіла ў гасцях лідыруючаму „Гомелю” (26:29), прычым гульнёй каманды кіраваў правы крайні БГК „Мяшкоў Берасце” Мікіта Вайлупаў. Набраўшы 26 ачкоў пасля 20 матчаў, клуб з паўднёвага захаду Беларусі займае трэцяе месца ў чэмпіянаце краіны.
„Барселона” разглядае Салаха як альтэрнатыву Холанду
ФК „Барселона” хоча узмацніць напад, і прыярытэтнай мэтай па-ранейшаму застаецца форвард дортмундскай „Барусіі” Эрлінг Холанд. Аднак на нарвежца прэтэндуюць і іншыя топ-клубы, што ўскладняе задачу „блаўграны”. Альтэрнатывай Холанду „Барселона” бачыць Махамеда Салаха з „Ліверпуля”, сцвярджае As. Трансфер 29-гадовага гульца абыдзецца танней, чым пераход Холанда. „Барселона” ўжо кантактавала з прадстаўнікамі Салаха, і зносіны былі пазітыўныя. Сам Махамед не супраць змены абстаноўкі.
Мікіта Талапіла займае другое месца па колькасці сэйваў у другім дывізіёне чэмпіянату Швецыі
Хакейны клуб „Седэртэлье” узяў верх над камандай „Віта Хестэн” — 4:3 АД (0:1, 1:2, 2:0, 1:0) у другім дывізіёне чэмпіянаце Швецыі. Беларускі галкіпер „Седэртэлье” Мікіта Талапіла адбіў 26 з 29 кідкоў. У 34 матчах сезона па колькасці сейваў, а іх у яго 918, беларус займае другое месца ў чэмпіянаце, саступаючы толькі Паўлу Хомчанку са стакгольмскага АІКа (1173), але ён правёў на 8 матчаў і на 540 хвілін больш. На рахунку Мікіты Талапіла таксама 2 галявыя перадачы. З 51 ачком у 51 матчы „Седэртэлье” займае 13-е месца сярод 14 каманд. Да фінішу рэгуляркі застаўся адзін тур.
ІТФ пацвердзіла выключэнне зборных Беларусі і Расеі з Кубка Дэвіса
Міжнародная тэнісная федэрацыя пацвердзіла выключэнне зборных Беларусі і Расеі з Кубка Дэвіса. Расейскую зборную, якая з’яўляецца дзейным чэмпіёнам турніру, у фінальнай групе заменіць каманда Сербіі, якая атрымала уайл-кард. Зборная Беларусі ў плей-оф Сусветнай групы I павінна была сустрэцца з мексіканцамі. Каманда з Паўночнай Амерыкі выйшла ў Сусветную групу напрамую, паведамляе прэс-служба турніру.
Беларускае Радыё Рацыя