Украінская тэнісістка не паціснула руку Вікторыі Азаранка пасля паразы
У чацвер украінка Марта Касцюк у двух сэтах саступіла беларусцы Вікторыі Азаранка і пасля гэтага адмовілася ціснуць пераможцы руку.

Спартоўкі проста дакрануліся ракеткамі. Як пасля растлумачыла Касцюк, яна так зрабіла, бо ніхто са знаёмых ёй беларускіх і расейскіх тэнісістаў публічна не асудзіў дзеянні сваіх урадаў, а яна такое не можа падтрымліваць. Украінка сказала, што ў яе няма асабістай нянавісці да Азаранкі, але, на яе думку, беларуска магла б выкарыстаць свой уплыў у Беларусі за межамі тэніса.
Азаранка на прэс-канферэнцыі распавяла, што Касцюк напісала ёй перад матчам і папярэдзіла, што не будзе ціснуць руку. Таму беларуска не здзівілася і дадала, што не лічыць гэта важнай гісторыяй. Вікторыя сказала, што ў сакавіку кантактавала з усімі знаёмымі ёй украінскімі гульцамі, але не хоча навязвацца да тых, хто не хоча з ёй размаўляць.