Валейбалісткі „Мінчанкі” перапынілі пераможную серыю ў расейскай Суперлізе
Валейбалісткі „Мінчанкі” пацярпелі гасцявую паразу ў рэгулярным чэмпіянаце расейскай жаночай Суперлігі. У чацвер падначаленыя Сяргея Юркіна гасцявалі ў дзейнага чэмпіёна Расеі і другой каманды бягучага розыгрышу – калінінградскага „Лакаматыва” і прайгралі 22:25, 23:25, 18:25 па партыях. Гэтая няўдача стала для беларускага клуба першай пасля серыі з трох перамог. Тым не менш „Мінчанка” застаецца ў зоне плэй-оф чэмпіянату Расеі: беларуская каманда з 17 ачкамі ідзе на 8-м месцы сярод 14 калектываў, апярэджваючы найбліжэйшых пераследніц на 5 балаў. Наступны матч у расейскай Суперлізе беларускі правядуць 28 снежня супраць „Уралачкі-НТМК” з Екацярынбурга.
„Сталіца” выйграла першы матч 1/4 фіналу Кубка Беларусі
Спартоўцы „Сталіцы” абыгралі берасцейскі „Меркурый-ДМК” у першым матчы чвэрцьфінальнай стадыі розыгрышу Кубка Беларусі па міні-футболе. Гуляючы ў Берасці, чэмпіёны краіны сустрэлі ўпарты супраціў з боку гаспадароў пляцоўкі, але ў выніку ўсё ж вырвалі перамогу 5:4. 24 снежня яшчэ тры сустрэчы пройдуць у Менску. Цяперашні ўладальнік Кубка гомельскі БЧ сустрэнецца з менскім „Дынама-БНТУ”. Фіналіст мінулага турніру яшчэ адзін гомельскі клуб ВРЗ будзе супернічаць са сталічным „Флэксі”. Апанентам аршанскага „Вітэна” будзе менскі клуб „Ахова-Дынама”.
Гандбалісты „Машэкі” перамаглі „Бусел Кітая” ў чэмпіянаце Беларусі
Гандбалісты магілёўскага клуба „Машэка” дагналі „Гомель” у турнірнай табліцы чэмпіянату Беларусі. У сваім 14-м паядынку магіляўчане перамаглі ў Менску „Бусел Кітая” 28:22. Пасля гэтай вікторыі ў актыве „Машэкі” стала 15 ачкоў, як і ў гамяльчан. Лідыруе менскі СКА, які набраў 26 ачкоў у 14 праведзеных сустрэчах, на тры балы адстае дзеючы чэмпіён краіны „Мяшкоў Брэст”, які згуляў на адзін матч менш.
Сабаленка саступіла Свёнтэк на тэнісным турніры ў Дубаі
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка прайграла першай ракетцы планеты польцы Ізе Свёнтэк на камандным выставачным турніры World Tennis League у Дубаі (ААЭ). У матчы з лідарам сусветнага рэйтынгу беларуска, якая займае пятае месца, у першай партыі змагла выйграць толькі адзін гейм, саступіўшы з лікам 1:6. У другім сэце барацьба была больш упартай, але поспех зноў быў на баку Свёнтэк – 6:3. Арына Сабаленка дапусціла чатыры падвойныя памылкі на сваіх падачах. Сустрэча працягвалася 1 гадзіну 7 хвілін.
„Манчэстэр Юнайтэд” пачаў перамовы па трансферу нідэрландскага форварда Кодзі Гакпа
„Манчэстэр Юнайтэд” пачаў перамовы з ПСВ з Эйндховена наконт умоў трансферу 23-гадовага нападніка Кодзі Гакпа. Яго кандыдатура як патэнцыйнага пачаткоўца каманды з Манчэстэра ўжо не раз абмяркоўвалася ў СМІ, аднак Эрык тэн Хаг спыніў свой выбар на Антані, які ўлетку далучыўся да манкуніянцаў за 95 мільёнаў еўра.
Праблемы, звязаныя з сыходам Крышціяну Раналду і траўматычнасцю Антоні Марсьяля, вымушаюць англійскі клуб зноў звярнуць увагу на нідэрландца, які добра выступіў на чэмпіянаце свету ў Катары. ПСВ гатовы расстацца са сваім выхаванцам з-за фінансавых цяжкасцей.
Беларускае Радыё Рацыя