Валейбалісткі „Мінчанкі” восьмы раз запар выйгралі чэмпіянат Беларусі



Валейбалісткі „Мінчанкі” выйгралі залатыя медалі чэмпіянату Беларусі. Ва ўнутраным чэмпіянаце сёлетняга сезона „Мінчанка” ўдзелу не брала, бо прадстаўляла Беларусь у жаночай расейскай Суперлізе. Выступы ў нацыянальным першынстве сталічныя валейбалісткі пачалі адразу з паўфіналу плэй-оф, дзе ў трох матчах абыгралі магілёўскі „Камунальнік”.

Суперніцамі падначаленых Сяргея Кузняцова па фінале пяты раз за апошнія шэсць гадоў сталі дзяўчаты з берасцейскага „Прыбужжа”, якія перамаглі ў рэгулярным чэмпіянаце. Аднак справіцца з „Мінчанкай” дзейныя ўладальніцы Кубка Беларусі не змаглі. Першыя два матчы фінальнай серыі да трох перамог былі згуляныя ў Берасці: у стартавай сустрэчы гасцявая каманда была мацней з лікам 3:1, другі паядынак і зусім скончыўся „сухой” перамогай сталічнага калектыву. Трэці паядынак, які прайшоў на пляцоўцы Палаца спорту „Уручча”, апынуўся апошнім – мінчанкі зноў адсвяткавалі поспех у трох партыях.

Гэта нацыянальнае чэмпіёнства „Мінчанкі” стала дзясятым для каманды і восьмым запар – ніводны іншы клуб не выйграваў залатыя медалі жаночага першынства часцей.

„Мінск” абыграў баскетбалістаў „Гродна-93” на старце фіналу чэмпіянату Беларусі

Баскетбалісты „Мінска” святкавалі перамогу над „Гродна-93” у першым матчы за залатыя медалі чэмпіянату Беларусі.

На паркеце „Мінск-Арэны” падначаленыя Расціслава Вергуна сустрэлі ўпарты супраціў з боку каманды Дзмітрыя Кузьміна, але ў выніку ўсё ж дамагліся перамогі – 71:67. Паслязаўтра супернікі таксама згуляюць на пляцоўцы дзейных чэмпіёнаў краіны, а 19 траўня сустрэнуцца ў Гародні.

„Шахцёр” апусціўся на апошняе месца ў табліцы чэмпіянату Беларусі

Пасля дысцыплінарных пакаранняў з боку АБФФ турнірная табліца чэмпіянату Беларусі зведала значныя змяненні. Так, салігорскі „Шахцёр” апусціўся на апошняе, 15-е месца, сталічны „Энергетык-БДУ” займае перадапошнюю пазіцыю, бабруйская „Белшына” знаходзіцца на 13-м месцы. Як паведамлялася, гэтыя клубы ў мінулым сезоне былі датычныя да дамоўных матчаў, за што былі пазбаўлены турнірных ачкоў.

У «Шахцёра» цяпер -17 ачкоў, а ў «Энергетыка-БДУ» -16.

ВРЗ выйграў у „Мінска” ў хатним паўфінале чэмпіянату Беларусі па міні-футболе

Гомельскі ВРЗ заваяваў буйную перамогу ў дамашнім матчы паўфінальнай серыі 34-га чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. Сёння ў першай сустрэчы ў Гомелі гаспадары разграмілі гасцей з ФК „Мінск” 9:1. Наступны паядынак пройдзе 15 траўня на пляцоўцы мінчан, а 19 каманды зноў будуць супернічаць на арэне гомельскай дружыны.

„Ювентус” і „Севілья” згулялі ўнічыю ў першым паўфінальным матчы Лігі Еўропы

Завяршыўся першы матч паўфіналу Лігі Еўропы, у якім сустракаліся „Ювентус” і „Севілья”. Лік сустрэчы – 1:1. Каманды гулялі на стадыёне „Альянц-Ювентус” у Турыне. На 26-й хвіліне матчу нападнік «Севільі» Юсэф Эн-Нэсіры адкрыў лік, але ў кампенсаваны час матчу абаронца гаспадароў Федэрыка Гаці зраўняў лік. У другім паўфінале сустракаліся „Рома” і „Баер” на стадыёне „Алімпіка” ў Рыме. Гульня завяршылася мінімальнай перамогай „Ромы” з лікам 1:0. Адзіны мяч быў забіты на 63-й хвіліне – вызначыўся малады паўабаронца «Ромы» Эдаарда Бовэ, дабіўшы мяч у сетку «Байера» пасля добрага ўдару ў выкананні Тэмі Абрахама.

Сабаленка прайграла ў 1/32 фіналу турніру ў Рыме

Другая ракетка свету Арына Сабаленка пацярпела паразу на турніры WTA-1000 у Рыме з прызавым фондам 3,5 мільёны даляраў. У 1/32 фіналу беларуска сустракалася з прадстаўніцай ЗША 134-ым нумарам сусветнага рэйтынгу Сафіяй Кенін і саступіла ў двух сэтах – 6:7 (4:7), 2:6. Матч доўжыўся 1 гадзіну 37 хвілін.

Беларускае Радыё Рацыя