«Відзэў» абыграў „Ягелонію”
Чатырохразовы чэмпіён Польшчы „Відзэў”, які вярнуўся ў Экстракласу пасля васьмігадовага перапынку, святкаваў першую перамогу. Нагадаем, што клуб з Лодзі, які вылецеў у 2014-м годзе з элітнага польскага дывізіёна, ужо праз год быў аб’яўлены банкрутам. Вынікам стаў прымусовы перавод у чацвёртую лігу.
Першую перамогу „чырвоныя” святкавалі ўжо ў другім туры, абыграўшы ў гасцях беластоцкую „Ягелонію” – 2:0. У другім тайме шыкоўны штрафны удар выканаў Бартламей Паўлоўскі, а канчатковы вынік усталяваў выйшаўшы на замену Хордзі Санчэс.

„Мінск” перамог на старце 15-га тура жаночага чэмпіянату Беларусі па футболе
У стартавым паядынку 15-га тура жаночага чэмпіянату Беларусі па футболе віцэ-чэмпіёнкі краіны абыгралі на полі сталічнага стадыёна „Трактар” юніёрскую зборную Беларусі 2:0. Абодва мячы забіла лепшы бамбардзір беларускага першынства кенійка Вафула Некеса, на рахунку якой зараз 31 гол. Сёння лідэры турніру футбалісткі сталічнага „Дынама-БДУФК” прымуць на сваёй арэне „Бабруйчанку”, а ў Берасці мясцовае „Дынама” згуляе з магілёўскім „Дняпром”. Яшчэ дзве сустрэчы адбудуцца ў нядзелю: „Гомель” згуляе са „Смаргонню”, а „Віцебск” з „Зоркай-БДУ”
Бразільскі абаронца далучыўся да мінскага „Дынама” на правах арэнды
Бразільскі абаронца Ігар Габрыэль, які выступаў за азербайджанскі клуб „Сабах” арандаваны мінскім „Дынама” да канца сезона.
Гулец нарадзіўся ў 1999 годзе ў бразільскай Жагуарыуне, з’яўляецца выхаванцам футбольнага клуба „Рыа-Бранка”. У 2020 годзе падпісаў кантракт з камандай „Флумінэнсэ”. У лютым 2022 года перайшоў у азербайджанскі „Сабах”
Квартэт беларускіх клубаў выступіць у новым сезоне SEHA-лігі
Гандбольныя федэрацыі Беларусі і Расіі ў Маскве падпісалі пагадненне з SEHA-лігай аб удзеле клубаў дзвюх краін у новым сезоне.
Плануецца, што ў сезоне 2022/23 беларускія і расійскія клубы выступяць у „Дывізіёне Усход”. Беларусь прадставяць „Мяшкоў Брэст”, мінскі СКА, „Гомель” і магілёўскі „Машэка”. Іх супернікамі будуць расійскія „Чэхаўскія мядзведзі”, маскоўскі ЦСКА, „Пермскія мядзведзі” і „Нява” з Санкт-Пецярбурга. Рэгламент і фармат новага сезона будзе зацверджаны ў бліжэйшы час, а старт спаборніцтваў запланаваны на 30 верасня.
Амялюсік уключана ў склад удзельніц „Тур дэ Франс” у нейтральным статусе
Каманда CANYON / SRAM Racing аб’явіла склад на жаночую велашматдзёнку „Тур дэ Франс”, якая пройдзе з 24 па 31 ліпеня. У яе склад трапіла беларуская велагоншчыца Алена Амялюсік. Гэта вынікае з паведамлення на афіцыйным сайце шматдзёнкі. Амялюсік выступіць у нейтральным статусе з-за ўвядзення санкцый у дачыненні да беларускіх і расійскіх спартоўцаў. У складзе каманды CANYON/SRAM Racing Амялюсік станавілася чэмпіёнкай свету-2018 у каманднай гонцы.
Беларускае Радыё Рацыя