„Віцебск” разграміў „Дынама-Маладзечна”
У чарговых матчах чэмпіянату Беларусі па хакеі „Хімік” узяў верх над „Шахцёрам” з лікам 3:1, а „Віцебск” не пакінуў шанцаў „Дынама” з Маладзечна 6:0 – Мікіта Ядроец закінуў дзве шайбы.

Матч „Лакаматыў” — „Юнацтва” адменены з-за праблем са святлом на арэне ў Оршы. Пачатак сустрэчы першапачаткова перанеслі, аднак неўзабаве гульню і зусім адмянілі. Рашэнне аб выніку матча будзе прынята пазней, паведамляе прэс-служба ФХБ.
„Нью-Джэрсі” ў авертайме абыграў „Далас”
У матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ „Нью-Джэрсі” на выездзе ў авертайме ўзяў верх над „Даласам” 3:2. Беларус Ягор Шаранговіч правёў на пляцоўцы 16 хвілін 2 секунды, бамбардзірскімі баламі не вызначыўся, здзейсніў адзін кідок і зарабіў паказчык карыснасці „0”.
Плотнікаў скасаваў кантракт з „Шахцёрам”
Беларускі брамнік Максім Плотнікаў скасаваў кантракт з салігорскім „Шахцёрам”. Гэта стала вядома па выніках чарговага пасяджэння Камітэта па статусе і пераходах футбалістаў АБФФ. „Шахцёр” абавязаўся пагасіць запазычанасць перад Плотнікавым да 15 траўня. У мінулым сезоне Плотнікаў правёў за „гарнякоў” 12 матчаў у вышэйшай лізе, у якіх прапусціў 9 мячоў і 4 разы згуляў „на нуль”. Максім разам з камандай стаў чэмпіёнам Беларусі. Таксама „Шахцёр” абавязаны выплаціць экс-капітану каманды Сяргею Паліцэвічу доўг да 27 красавіка. Інакш на клуб накладуць забарону на трансферы.
„Манчэстэр Сіці” выбіў „Арсенал” у чацвёртым раўндзе Кубка Англіі
Футбалісты „Манчэстэр Сіці” абыгралі лонданскі „Арсенал” у чацвёртым раўндзе розыгрышу Кубка Англіі. У пераможцаў адзіны мяч забіў Натан Аке, якому асіставаў Джэк Грыліш на 64-й хвіліне гульні.
Данія выйшла ў фінал чэмпіянату свету па гандболе
Зборная Даніі стала першым фіналістам чэмпіянату свету па гандболе, які прымаюць Польшча і Швецыя. У матчы за права выйсці ў вырашальны раўнд турніру дзейныя чэмпіёны свету адолелі іспанцаў 26:23. Іх бяспройгрышная серыя на планетарных форумах пачалася з 2019 года і налічвае ўжо 27 матчаў. У другім паўфінале, які пройдзе ў Стакгольме, французы згуляюць са шведамі.
Эксперты называюць Сабаленку фаварыткай у матчы з Рыбакінай
Арына Сабаленка ўпершыню ў фінале „Вялікага шлема” — у вырашальным матчы яна сустрэнецца з Аленай Рыбакінай, якая прадстаўляе Казахстан. Першая ракетка Беларусі на пятым месцы ў свеце, рэйтынг WTA суперніцы — 25. Нядзіўна, што Арыну лічаць фаварытам: яна паказвае лепшы тэніс у кар’еры і, як адзначаюць эксперты, саспела для першага вялікага тытула. Апошні раз Сабаленка сустракалася з Рыбакінай у снежні мінулага года ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах і выйграла ў трох сэтах: 6:2, 2:6, 6:1. Пачатак матчу ў 11 30 па беларускім часе.
Беларускае Радыё Рацыя