Вызначыліся ўсе паўфіналісты Лігі чэмпіёнаў



«Баварыя» і «Манчэстэр Сіці» згулялі ўнічыю ў матчы ў адказ 1/4 фіналу Лігі чэмпіёнаў 1:1. У першым тайме галоў забіта не было. Лепшы шанец адкрыць лік да перапынку ўпусцілі госці. На 36-й хвіліне Цюрпэн прызначыў пенальці за гульню рукой у выкананні абаронцы «Баварыі» Юпамекано. Прысуд узяўся прывесці ў выкананне форвард «Манчэстэр Сіці» Эрлінг Холанд, але адправіў мяч вышэй за браму. Перад гэтым здарыўся яшчэ адзін цікавы эпізод з тымі ж дзейнымі асобамі. Юпамекано сфаліў на Холандзе, сарваўшы выхад адзін на адзін, і Цюрпэн тут жа паказаў абаронцу гаспадароў чырвоную картку. Праўда, тут жа яе адмяніў пасля падказкі відэаасістэнта аб афсайдзе ў нарвежскага форварда.

На 57-й хвіліне матчу  Холанд адкрыў лік. Згуляўшы «ў сценку» з Кевінам Дэ Бройнэ пасля доўгага закіду Джона Стоўнза, нарвежац у чарговы раз за вечар перайграў Юпамекано, які паслізнуўся, і магутна прабіў міма Яна Зомера. Размачыць лік у супрацьстаянні з «гараджанамі» «Баварыі» атрымалася бліжэй да канца гульні. На 83-й хвіліне Ёзуа Кіміх рэалізаваў пенальці – 1:1. Дзякуючы перамозе, здабытай у першым матчы на сваім полі, „гараджане” прайшлі ў паўфінал. Яшчэ ў адным матчы  сустракаліся «Інтэр» і «Бенфіка». Сустрэча завяршылася нічыйным зыходам – 3:3. На 14-й хвіліне першы гол у гульні з перадачы Лаўтара Марцінэса забіў хаўбек «нерадзуры» Нікола Барэла. На 38-й хвіліне паўабаронца «Бенфікі» Фрэдрык Эўрснэс адгукнуўся на перадачу Рафы Сілвы і зраўняў лік у матчы. Форвард «Інтэра» Лаўтара Марцінэс вывеў сваю каманду наперад на 65-й хвіліне матчу.  Хаакін Карэа павялічыў перавагу сваёй каманды на 73-й хвіліне, а на 86-й хвіліне абаронца партугальскай каманды Антоніу Сілва адквітаў адзін мяч з перадачы Грымальда. Выніковы лік усталяваў 25-гадовы нападнік «Бенфікі» Петар Муса, забіўшы на 95-й хвіліне матчу. У першым матчы „Інтэр” у гасцях абыграў суперніка з лікам 2:0. Такім чынам, міланскі клуб выйшаў у паўфінал Лігі чэмпіёнаў упершыню за 13 гадоў. У наступнай стадыі турніру „нерадзуры” пазмагаюцца з „Міланам” у двухматчавым супрацьстаянні.

Футбалісты „Нёмана” згулялі ўнічыю з БАТЭ

Футбалісты гарадзенскага „Нёмана” не ўтрымалі перамогу над барысаўскім БАТЭ ў хатнім паўфінале Кубка Беларусі. Першы тайм прайшоў з невялікай перавагай гаспадароў, але лік яны адкрылі толькі пасля перапынку, калі абаронца гасцей Захар Волкаў зрэзаў мяч у сваю браму. Пасля гэтага эпізоду барысаўчане завалодалі ініцыятывай, і ў кампенсаваны час Аляксандр Шасцюк усталяваў канчатковы лік – 1:1. У мінулым сезон гэтыя супернікі таксама сустракаліся ў паўфінале і тады барысаўскія футбалісты былі мацнейшымі. Саступіўшы ў Гародні з лікам 1:2, яны затым ўзялі рэванш 2:0 і прабіліся ў фінал. Учора ў стартавым паядынку паўфінальнай стадыі футбалісты жодзінскага „Тарпеда-БелАЗа” перамаглі ў Мазыры мясцовую „Славію” – 1:0. Пераможны мяч у браму гаспадароў поля забіў тарпедаўскі форвард Валерый Гарбачык.

Матчы ў адказ за трапленне ў фінал адбудуцца 10 траўня ў Барысаве і Жодзіне.

Берасцейскае „Дынама” прадставіла трох новых настаўнікаў, але пры гэтым ніводнага з іх не пазначыла як галоўнага трэнера

Берасцейскае „Дынама” афіцыйна аб’явіла аб прыходзе новых трэнераў, прадставіўшы публіцы Аляксандра Юрэвіча, Сяргея Нікіфарэнку і Вадзіма Ласоўскага. Аднак у паведамленні на афіцыйным сайце клуба не было галоўнага: хто з іх запрошаны на замену Ігару Крывушэнку, адпраўленаму ў адстаўку пасля чатырох паражэнняў запар.

Акрамя згаданай вышэй тройкі разам з камандай прадоўжаць працаваць Аляксандр Валадзько і Уладзімір Селькін. Абодва ўваходзілі ў трэнерскі штаб Ігара Крывушэнкі ў якасці трэнера па фізічнай падрыхтоўцы і трэнера па брамніках адпаведна.

Сабаленка выйшла ў 1/4 фіналу турніру WTA-500 у Штутгарце

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка стала першай чвэрцьфіналісткай турніру катэгорыі WTA-500 у нямецкім Штутгарце з прызавым фондам 780 тысяч даляраў.  У 1/8 фіналу другая ракетка планеты выйграла ў двух сэтах у чэшскай тэнісісткі Барбары Крэйчыкавай, якая займае 12-е месца ў сусветным рэйтынгу – 6:2, 6:3. Арына Сабаленка 10 разоў падавала навылёт і дапусціла ўсяго адну падвойную памылку на сваіх падачах. Сустрэча працягвалася 1 гадзіну 15 хвілін. У чвэрцьфінале беларуска сустрэнецца з пераможцай іспанскага дэрбі, у якім згуляюць Паула Бадоса і Крысціна Буча.

Беларуска стала чэмпіёнкай Еўропы па самба

У ізраільскай Хайфе стартаваў чэмпіянат Еўропы па самба, у якім бяруць удзел беларускія спартоўцы. У першы дзень спаборніцтваў былі разыграны 11 камплектаў узнагарод, прадстаўнікі беларускай зборнай заваявалі 7 медалёў – адзін залаты, 2 срэбраныя і 4 бронзавыя. Узнагароду вышэйшай пробы камандзе прынесла Анжэла Жылінская, якая ў фінальным паядынку ў вагавай катэгорыі да 72 кг перамагла спартоўку з Румыніі Вольгу Малейку. Срэбра ў баявым самба дасталася Яўгену Алексіевічу і Валянціну Наталевічу. У вагавой катэгорыі да 79 кг у мужчын трэцім стаў беларус Ілля Ламіратаў. Узнагароду той жа вартасці ў вазе да 98 кг выйграў Сяргей Лесяк. У жанчын на трэцюю прыступку п’едэстала ўзняліся беларускі Яна Бяганская і Валерыя Хрушчова.

Беларускае Радыё Рацыя