Ягор Шаранговіч набраў першыя 20 ачкоў у НХЛ за 42 матчы



Беларускі форвард „Нью-Джэрсі” Ягор Шаранговіч набраў першыя 20 (10+10) ачкоў у НХЛ за 42 матчы. Сярод усіх беларусаў у гісторыі лігі Шаранговіч займае другое месца.

Толькі Сяргей Касціцын разагнаўся у НХЛ хутчэй Шаранговіча – ён набраў 20 ачкоў у складзе „Манрэаля” за 38 гульняў.

Усе 55 асацыяцый-сябраў УЕФА аднагалосна зацвердзілі дэкларацыю супраць стварэння „так званай Суперлігі”

У швейцарскім Монтрэ праходзіць кангрэс УЕФА. У прыватнасці, там абмяркоўвалася стварэнне еўрапейскай Суперлігі 12 топ-клубамі. Усе 55 асацыяцый-удзельніц УЕФА аднагалосна зацвердзілі дэкларацыю, якая асуджае „так званую суперлігу”, гаворыцца ў твітары УЕФА. Раней кіраўнік УЕФА Александер Чаферын і прэзідэнт ФІФА Джані Інфанціна рэзка выказаліся супраць новага турніру.

Студэнт БРУ заваяваў права прадстаўляць Беларусь на ЧС і Еўропы па армрэстлінгу

Студэнт Беларуска-Расейскага ўніверсітэта атрымаў права прадстаўляць Беларусь на чэмпіянаце свету і Еўропы па армрэстлінгу ў 2021 годзе. У чэмпіянаце Беларусі па армрэстлінгу сярод юніёраў, які праходзіў 10 красавіка ў Нясвіжы, прынялі ўдзел больш за 120 спартоўцаў з усіх рэгіёнаў. У асабістым заліку ў вагавой катэгорыі звыш 90 кг студэнт аўтамеханічнага факультэта БРУ Дзмітрый Стэфаненка заняў першае месца.

Гандбалісткі зборнай Беларусі прымуць чарнагорак ў кваліфікацыі чэмпіянату свету

Гандбалісткі жаночай зборнай Беларусі прымуць сёння каманду Чарнагорыі ў матчы за права згуляць у фінале чэмпіянату свету. Каб прабіцца ў лік 32 лепшых каманд планеты, беларускам трэба перамагчы з розніцай 7 мячоў. У Падгорыцы яны пацярпелі паразу з розніцай шэсць мячоў – 23:29. Сустрэча на пляцоўцы менскай „Чыжоўка-Арэны” пачнецца а 18-й.

Уладзіслаў Калячонак набраў першы бамбардзірскі бал у АХЛ

У рэгулярным чэмпіянаце АХЛ „Сіракьюз”, фарм-клуб „Флорыды” перамог у родных сценах „Ютыку” – 6:2 (0:0, 3:0, 3:2). Беларускі абаронца гаспадароў Уладзіслаў Калячонак зарабіў свой першы бамбардзірскі бал у гэтай лізе. На 31-й хвіліне ён асыставаў расейцу Рыгору Дзенісенку, які рэалізаваў большасць і зрабіў лік 3:0 на карысць „Сіракьюз”.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: © Icon Sportswire / Contributor / Icon Sportswire / Gettyimages.ru