„Юнацтва” абыграла „Металург” у матчы беларускай экстралігі



Трыма матчамі ў Менску, Лідзе і Віцебску працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. Дзеючыя чэмпіёны краіны з „Металурга” ўпусцілі шанц узначаліць табліцу экстралігі: у цэнтральным паядынку вечара жлабінчане былі біты „Юнацтвам” – 3:4. Аўтарам пераможнай шайбы мінчан, якія здабылі чацвёртую вікторыю запар, стаў форвард Андрэй Грышакоў. Хакеісты „Ліды” і „Магілёва” настралялі 10 шайбаў на дваіх, больш паспяховымі ў бітве аўтсайдэраў апынуліся лідчане – 6:4. Хет-трык за „рыцараў” аформіў Вадзім Апанасевіч, а для „львоў” з берагоў Дняпра гэтая параза стала дваццатай у чэмпіянаце. Таксама ў пятніцу „Гомель” быў мацнейшы за „Віцебск” з лікам 3:1.

Такім чынам, пасля 22 матчаў сезона ў турнірнай табліцы працягвае лідыраваць „Шахцёр”, які мае 32 ачкі, на бал ад „гарнякоў” адстае „Металург”. Трэцюю пазіцыю дзеляць адразу чатыры каманды – „Віцебск”, „Лакаматыў”, „Нёман” і „Юнацтва” набралі па 30 ачкоў.

Ганчарэнка прызнаны лепшым трэнерам кастрычніка ў расійскай прэм’ер-лізе

45-гадовы беларускі спецыяліст Віктар Ганчарэнка, які ўзначальвае „Урал” з Екацярынбурга, названы лепшым трэнерам чэмпіянату Расіі ў мінулым месяцы. Інфармацыя аб гэтым змяшчаецца ў афіцыйных пабліках турніру ў сацыяльных сетках.
Падчас кастрычніка „Урал” перамог ў пяці матчах, згуляў унічыю, дзякуючы чаму аддаліўся ад дна турнірнай табліцы.
Галасаванне праводзілася сярод заўзятараў, вядомых экспертаў і трэнераў, а таксама журналістаў, якія асвятляюць расійскі футбол. Канкурэнцыю Ганчарэнку складалі, сярод іншых, экс-настаўнікі берасцейскага „Дынама” і салігорскага „Шахцёра” Марцэл Лічка і Сяргей Ташуеў, якія працуюць зараз у „Арэнбургу” і „Ахмаце” адпаведна.

Клубы Каралька, Вайлупава і Бохана выйгралі свае матчы ў Лізе чэмпіёнаў

Завяршыўся шосты тур мужчынскай гандбольнай Лігі чэмпіёнаў. Сінхронныя перамогі святкавалі польскі „Кельце”, венгерскі „Веспрэм” і румынскае „Дынама”, за якія выступаюць беларускія легіянеры.
„Дынама” Вячаслава Бохана ў гасцях перайграла харвацкі „Заграб” — 29:28. На рахунку беларускага лінейнага адзін гол.
Перамога „Веспрэма” над польскай „Віслай”, здабытая таксама на выездзе, апынулася больш упэўненай — 30:26. Беларускі правы крайні Мікіта Вайлупаў на пляцоўку не выходзіў.
„Кельцэ” Арцёма Каралька ў чацвер на сваёй пляцоўцы разабраўся з іншым венгерскім „Пікам” 37:30. Беларускі лінейны рэалізаваў чатыры з чатырох кідкоў па брамцы.
„Веспрэм” з 11 ачкамі працягвае ўзначальваць турнірную табліцу групы „А”. „Дынама” дзеліць пятае-шостае месцы з „Віслай” — па 5 балаў. У групе „B” „Кельце”, які набраў 10 ачкоў, на другой пазіцыі, паведамляе pm.by.

Алькарас зняўся з чвэрцьфіналу „Мастэрса” ў Парыжы з-за траўмы

Першы нумар сусветнага рэйтынгу іспанскі тэнісіст Карлас Алькарас не змог скончыць чвэрцьфінальны матч з 18-й ракеткай свету з прадстаўніком Даніі Хольгерам Рунэ на турніры серыі „Мастэрс” у Парыжы з-за траўмы. Сустрэча праходзіла на цэнтральным корце стадыёна „Берсі” на хардавым пакрыцці.
Пры ліку 6:3, 6:6 (3:1) на карысць Рунэ іспанец прыняў рашэнне завяршыць матч. У другім сэце Алькарас браў медыцынскі тайм-аўт. Пасля гэтага перапынку Карлас згуляў гейм і некалькі розыгрышаў на тай-брэйку, пасля чаго зняўся з турніру. У паўфінале Хольгер Рунэ сустрэнецца з канадскім тэнісістам Феліксам Ожэ-Альясімам, які апынуўся мацней за амерыканца Фрэнсіса Тыяфа.

Беларускае Радыё Рацыя