„Юнацтва” абыграла „Нёман” у першым матчы паўфіналу




У беларускай хакейнай экстралізе працягваецца паўфінальная стадыя плэй-оф. 

Пуцёўку ў фінал экстралігі ў вочнай барацьбе другі сезон запар аспрэчваюць хакеісты „Нёмана” і „Юнацтва”, летась поспех у серыі да чатырох перамог святкавалі мінчане 4:2. Цяперашняе супрацьстаянне каманд пачалося з матча ў Гародні. Гаспадары выйшлі наперад у канцоўцы стартавай траціны, калі пры гульні ў большасці вызначыўся Сава Андрэеў. Адказ у „Юнацтва” знайшоўся ўжо ў сярэдзіне другога перыяду – лічбы на табло зраўняў Арсень Каўгарэня. Лік 1:1 пратрымаўся да канца асноўнага часу, такім чынам, лёс паядынку вырашыўся ў авертайме. Дадатковы адрэзак працягнуўся ўсяго хвіліну: перамогу ў матчы і лідарства ў серыі мінчанам прынёс Сяргей Дрозд. Другі матч пройдзе ў сераду таксама ў Гародні і стартуе ў 19.30.

Нью-Джэрсі” пацярпеў самую буйную паразу сезона, у Ягора Шаранговіча —  -1 карыснасці

У рэгулярным чэмпіянаце НХЛ „Нью-Джэрсі” пацярпеў балючую паразу ў гасцях у „Айлендэрс” 1:5. За апошнія пяць хвілін госці прапусцілі тры шайбы, уключаючы дзве – ужо ў пустую брамку. Упершыню ў сезоне „Нью-Джэрсі” прайграў з розніцай больш чым у тры галы. Беларускі нападнік „д’яблаў” Ягор Шаранговіч правёў на пляцоўцы 17 хвілін 26 секунд, выніковымі дзеяннямі не вызначыўся, зрабіў 2 кідкі, заблакаваў 2 кідкі супернікаў і завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці -1.

Зборная Польшчы абыграла Албанію ў кваліфікацыі ЧЕ-2024

У другім туры кваліфікацыі ЧЕ-2024 па футболе зборная Польшчы на хатнім стадыёне ў Варшаве адолела каманду Албаніі з лікам 1:0. Адзіны мяч на 41-й хвіліне забіў былы нападнік беластоцкай «Ягелоніі» Караль Свідэрскі. У іншым матчы гэтай групы зборная Малдовы згуляла ўнічыю з чэхамі 0:0. Таксама напярэдадні эстонцы не ўтрымалі нічыю з Аўстрыяй, прайграўшы 1:2, Венгрыя разграміла Балгарыю – 3:0, з такім жа лікам Нідэрланды перамаглі Гібралтар – 3:0, шведы не пакінулі шанцаў зборнай Азербайджана – 5:0, а Чарнагорыя саступіла Сербіі – 0:2. Гол Бенжамена Павара прынёс зборнай Францыі гасцявую перамогу над ірландцамі 1:0.

Беларускія футбалісты згуляюць супраць Румыніі ў адборы на Еўра-2024

Нацыянальная зборная Беларусі па футболе сёння правядзе другі матч у рамках адборавага турніру чэмпіянату Еўропы 2024 года. Супернікам падначаленых Георгія Кандрацьева стане каманда Румыніі, сустрэча пройдзе на Нацыянальным стадыёне Бухарэста і пачнецца ў 21.45 па мінскім часе. У першым матчы кваліфікацыі „белакрылыя” прайгралі зборнай Швейцарыі з лікам 0:5, румыны ж упэўнена разабраліся з Андорай 2:0.
Гісторыя супрацьстаяння каманд Беларусі і Румыніі налічвае 6 гульняў, нашы футбалісты не перамагалі пакуль ні разу (2 нічыіх і 4 паразы).

Сабаленка выйшла ў 1/4 фіналу турніру ВТА-1000 у Маямі

Беларуска Арына Сабаленка, абыграўшы ў двух сэтах прадстаўніцу Чэхіі Барбару Крэйчыкаву 6:3, 6:2, выйшла ў 1/4 фіналу турніру ВТА-1000 у амерыканскім Маямі з прызавым фондам 8 800 000 даляраў.
У 1/4 фіналу Сабаленка 29 сакавіка згуляе з румынкай Саранай Кырстаў.

Беларускае Радыё Рацыя