Зборная Беларусі апусцілася на 105-е месца ў рэйтынгу ФІФА



Зборная Беларусі апусцілася на 105-е месца ў абноўленым рэйтынгу Міжнароднай федэрацыі футбола (ФІФА). У ліпені беларусы знаходзіліся на 98-й пазіцыі.

За мінулыя два месяцы беларускія футбалісты пад кіраўніцтвам новага трэнера іспанца Карласа Аласа Ферэра згулялі два гасцявыя адборавыя матчы Еўра-2024. У першым з іх беларусы разышліся мірам з камандай Андоры 0:0, а потым саступілі ізраільцянам 0:1. Вераснёўскі рэйтынг ФІФА ўзначальвае зборная Аргенціны, на другой пазіцыі Францыя, на трэцім месцы Бразілія.

«Баварыя» абнавіла рэкордную серыю без паразаў у групе ЛЧ – 35 матчаў

Пасля перамогі над «Манчэстэр Юнайтэд» 4:3 «Баварыя» абнавіла сваю ж рэкордную серыю па колькасці матчаў у групе Лігі чэмпіёнаў без паразаў запар – 35. У апошні раз клуб прайграў у групе ЛЧ у 2017 годзе – у матчы з «ПСЖ». Пасля гэтага «Баварыя» святкавала на групавым этапе турніру 32 перамогі і тройчы згуляла ўнічыю. Баварцы выйгралі 14-ы матч групавога этапу турніру запар – гэта таксама рэкорд. «Баварыя» выйграла свае апошнія 20 стартавых матчаў Лігі чэмпіёнаў з агульным лікам 51:5.

Бакіч стаў самым карысным легіянерам па сістэме гол+пас у ЧБ за апошнія 5 гадоў

Мяч у браму «Нёмана» дапамог нападніку менскага «Дынама» Душану Бакічу набраць 37 (22+15) ачко па сістэме «гол плюс пас» і стаць самым карысным легіянерам па гэтым паказчыку ў чэмпіянаце Беларусі за апошнія пяць гадоў. На другім радку размясціўся Уладзіслаў Васільеў, які выступаў за «Энергетык-БДУ», берасцейскае «Дынама» і «Рух» і набраў 36 (15+21) ачкоў.

Гарадзенскі „Нёман” адправіцца на трэніровачны збор у Кітай

Падначаленыя Ігара Кавалевіча адправяцца ў Паднябесную ў кастрычніку, прычым за кошт арганізатараў. Пра гэта паведамляе footballby. «Нёман» пасля 18 матчаў набраў 39 ачкоў і займае другое месца ў турнірнай табліцы. Адставанне ад лідара менскага „Дынама” складае шэсць ачкоў.

Беларусы завершаць першы этап суперфіналу Еўралігі па пляжным футболе сустрэчай з італьянцамі

У італьянскім Альгера завяршаецца першы этап суперфіналу Еўралігі па пляжным футболе. Зборная Беларусі ў апошнім матчы папярэдняй групы А згуляе з гаспадарамі турніру – італьянцамі (пачатак гульні ў 19.00). Для абедзвюх каманд вынік гэтай сустрэчы не мае прынцыповага значэння – яны ўжо забяспечылі сабе пуцёўкі ў чвэрцьфінальную стадыю. Беларусы ў першым туры разграмілі каманду Малдовы – 9:1, а потым упэўнена перайгралі грэкаў з лікам 7:2. Італьянцы выйгралі ў Грэцыі 5:2, а ў малдаван – 8:2.

Беларускае Радыё Рацыя