Зборная Даніі трэці раз запар стала чэмпіёнам свету
Зборная Даніі перамагла каманду Францыі ў фінале мужчынскага чэмпіянату свету па гандболе – 34:29. Датчане таксама бралі золата на Чэмпіянатах свету-2019 і 2021, бяспройгрышная серыя скандынаваў на планетарных форумах стартавала ў 2019 годзе і налічвае ўжо 28 матчаў.
У матчы за трэцяе месца зборная Іспаніі перамагла каманду Швецыі – 39:36.
„Мяшкоў Брэст” пацярпеў першую паразу ў SEHA-лізе
„Мяшкоў Брэст” пацярпеў першую паразу ў дывізіёне „Усход” SEHA-лігі. У сваім заключным матчы лідэры папярэдняй групы В прайгралі ў Берасці маскоўскаму ЦСКА 31:36. Да гэтага чэмпіёны Беларусі выйгралі пяць паядынкаў запар. У Магілёве гандбалісты „Машэкі” саступілі „Зеніту” з Санкт-Пецярбурга 26:32, прайграўшы шостую сустрэчу запар. Гандбалісты „Гомеля” паразай завяршылі выступы на першым этапе.
У паядынку 6-га тура папярэдняй групы А гамяльчане прайгралі ў гасцях „Пермскім мядзведзям” з розніцай у дзесяць мячоў – 22:32. Сёння ў апошні гульнявы дзень першага этапа, віцэ-чэмпіён Беларусі менскі СКА прыме ў спарткомплексе „Уручча” чэмпіёнаў Расіі „Чэхаўскіх мядзведзяў”.
Шыкаўка аформіў дубль за „Карону” ў матчы супраць „Легіі”
У рамках 18-га тура чэмпіянату Польшчы варшаўская „Легія” абыграла „Карону” з лікам 3:2. Прайграючы 0:3, за гасцей на 61-й хвіліне выйшаў з лавы запасных беларус Яўген Шыкаўка. Беларус вызначыўся першым голам праз чатыры хвіліны пасля выхаду на поле, а на 79-й аформіў дубль. У гэтым сезоне на рахунку форварда 2 галы і адна перадача ў 15 сустрэчах. Беластоцкая «Ягелонія» згуляла ўнічыю ў гасцявым паядынку з «Пястам» Глівіцэ. На гол Войцэха Ласкага на 61-й хвіліне гаспадары адказалі праз 7 хвілін дакладным ударам Каміля Вільчака. Пасля 18 тураў у беластоцкай дружыны 19 ачкоў і 15-е месца ў турнірнай табліцы чэмпіяната Польшчы.
„Рэал” не змог перамагчы „Рэал Сасьедад”
Мадрыдскі „Рэал” і „Рэал Сасьедад” згулялі ўнічыю ў матчы 19-га тура чэмпіянату Іспаніі — 0:0. „Сметанковыя” з 42 ачкамі ідуць другімі ў табліцы, адстаючы ад „Барселоны” на пяць балаў. „Напалі” перайграў „Рому” ў матчы 20-га тура чэмпіянату Італіі — 2:1 і з 53 ачкамі лідыруе ў табліцы, у „Ромы” 37 балаў і шостая пазіцыя. «Ювентус» саступіў клубу «Монца» 0:2, а чэмпіён Італіі «Мілан» нечакана быў разгромлены на Сан Сіра камандай «Сасуола» 2:5. „ПСЖ” і „Рэймс” згулялі ўнічыю ў матчы 20-га тура чэмпіянату Францыі – 1:1. Гола Неймара на 51-й хвіліне парыжанам апынулася недастаткова для перамогі, якую адабраў Балагун, забіўшы на 6-й даданай хвіліне гульні. Тым не меньш „ПСЖ” з 48 ачкамі лідыруе ў табліцы, у „Рэймса” 26 балаў і 11-я пазіцыя. Дзеючы ўладальнік Кубка Англіі „Ліверпуль” вылецеў ад „Брайтана” са стадыі 1/16 фіналу. На гол Харві Эліёта, гаспадары поля спачатку адказалі дакладным ударам Льюса Данка яшчэ да перапынку. А на 92-й хвіліне сустрэчы Каору Мітама ўсталяваў канчатковы лік матчу 2:1. У гэтым сезоне падначаленыя Юргена Клопа таксама выбылі з Кубка Лігі, які таксама выйгралі ў мінулым сезоне.
Гілмар дыскваліфікаваны на матч за „непрыстойныя жэсты”
Спартова-дысцыплінарны камітэт КХЛ, разгледзеўшы эпізод матчу „Дынама” Мінск — „Тарпеда”, прыняў рашэнне дыскваліфікаваць абаронцу „зуброў” Джона Гілмара. На падставе прадстаўленых матэрыялаў прынята рашэнне накласці на абаронцу пакаранне за непрыстойныя, нецэнзурныя або абразлівыя жэсты ў адносінах да суддзі або іншай асобы, дыскваліфікаваць яго на адзін матч і падвергнуць штрафу, – піша сайт лігі. Гілмар у цяперашнім чэмпіянаце правёў за менскае „Дынама” 44 матчы і набраў 9 (1+8) ачкоў. У мінулым сезоне ён у складзе ЦСКА стаў уладальнікам Кубка Гагарына.
Беларускае Радыё Рацыя