Зборная Італіі перайграла Польшчу і стала пераможцам чэмпіянату свету па валейболе
Зборная Італіі ў Катавіцах перамагла Польшчу і заваявала залатыя медалі чэмпіянату свету па валейболе. Італія абыграла сваіх супернікаў з лікам 3:1. Самымі выніковымі ў складзе польскай каманды сталі Аляксандр Сліўка (12) і Каміль Семянюк (11) балаў. У пераможцаў матча вызначыліся Даніэле Лавія (19) і Алесандра Мік’елета (14).
У матчы за трэцяе месца бразільцы ў чатырох сэтах адолелі славенскіх валейбалістаў – 3:1.
Валейбалісткі „Менчанкі” выйшлі ў паўфінальную стадыю Кубка Расеі
Валейбалісткі „Менчанкі” паразай завяршылі выступы на папярэднім этапе адкрытага Кубка Расеі ў Туле. У заключным матчы 4-й зоны падначаленыя Сяргея Юркіна прайгралі курскаму клубу „ЮЗГУ-Атам” з лікам 1:3. Раней чэмпіёнкі Беларусі з аднолькавым лікам 3:0 разграмілі дынамаўскія каманды з Анапы і Краснадара, потым адолелі ў пяцісэтавым паядынку валейбалістак „Ліпецка” – 3:2, а затым саступілі гаспадыням спаборніцтваў валейбалісткам „Туліцы” – 0:3.
Менчанка заняла другое месца ў групе і выйшла ў паўфінальную стадыю Кубка Расеі.
Футбалісты „Шахцёра” ўзначалілі турнірную табліцу чэмпіянату Беларусі
Футбалісты салігорскага „Шахцёра” вярнуліся на першае месца ў чэмпіянаце Беларусі. У апошнім матчы 21-га тура дзейныя чэмпіёны краіны разграмілі на выездзе „Гомель” 3:0. Галявы дубль аформіў 20-гадовы нападнік Ілля Чарняк, яшчэ адзін мяч забіў Фесу Плака.
„Энергетыка-БДУ” абыграў на сваім полі гарадзенскі „Нёман” 2:1 і выйшаў на першае месца ў турнірнай табліцы. Мячы ў складзе пераможцаў забілі ўзбекскія легіянеры Абдукадзір Хусанаў і Бабір Абдзіхолікаў, які ўпэўнена ўзначальвае бамбардзірскую гонку, маючы ў сваім актыве 20 мячоў. Мяжы ў 20 мячоў у турніры не дасягалі 15 гадоў. У 2007-м Раман Васілюк настраляў 24 галы ў складзе „Гомеля”.
„Зеніт” знішчыў на сваім полі „Арэнбург”
У рамках 9-га тура расійскай прэм’ер-лігі „Зеніт” на сваім полі забіў восем галоў у браму „Арэнбурга” 8:0.
У складзе гасцей на поле выйшлі трое беларусаў. Аляксандр Паўлавец забіў аўтагол і быў заменены на 60-й хвіліне іншым беларусам Кірылам Капленка. Таксама ў перапынку на полі з’явіўся Кірыл Пячэнін.
„Зеніт” з 23 ачкамі займае першае месца ў чэмпіянаце Расіі. „Арэнбург” з дзевяццю баламі размяшчаецца на 12-й пазіцыі.
„Ювентус” выратаваўся ад паразы ў матчы з „Салернітанай”
„Ювентус” і „Салернітана” згулялі ўнічыю ў матчы 6-га тура чэмпіянату Італіі — 2:2. Леанарда Банучы на 93-й хвіліне не рэалізаваў пенальці, але дабіў мяч пасля адскоку. „Юве” з 10 ачкамі ідзе восьмым у табліцы, у „Салернітаны” сем балаў і 10-я пазіцыя. Мадрыдскі „Рэал” на хатняй арэне разграміў „Мальёрку” ў матчы 5-га тура чэмпіянату Іспаніі — 4:1 дзякуючы галам Вальвердэ, Вінісіуса, Радрыга і Рудзігера. Мадрыдцы ідуць без страты ачкоў і ўзначальваюць табліцу Прымеры.
„Нёман” здабыў гасцявую перамогу над „Брэстам”
У рамках рэгулярнага чэмпіянату хакейнай экстралігі „Нёман” і „Брэст” арганізавалі галявы трылер, у якім мацнейшымі апынуліся госці з лікам 7:4. На рахунку Вячаслава Андрушчанкі і Аляксандра Ханьжына па тры асістэнцкія балы. Таксама „Хімік” узяў верх над „Лакаматывам” 2:1, а „Дынама-Маладзечна” з такім жа лікам абыграла „Ліду”.
Ферстапен стаў пераможцам „Гран-пры Італіі”
Макс Ферстапен, які прадстаўляе „Рэд Бул”, перамог у „Гран-пры Італіі” у рамках чэмпіянату „Формулы-1”. Другім стаў Шарль Леклер з „Ферары”, трэцім — Джордж Расэл з „Мэрсэдэс”.
Пілоты заканчвалі гонку, праехаўшы некалькі кругоў пад жоўтыя сцягі, і фінішавалі за машынай бяспекі.
Беларускае Радыё Рацыя