Зборная Харватыі выбіла бразільцаў
На чэмпіянаце свету па футболе ў Катары матчам зборных Бразіліі і Харватыі стартавала чвэрцьфінальная стадыя.
У першай палове гульні каманды выдалі роўныя паказчыкі валодання мячом, пры гэтым не стварыўшы на дваіх ніводнага небяспечнага моманту. Другі тайм прайшоў ужо з перавагай бразільцаў, падначаленыя Цітэ не раз былі блізкія да таго, каб забіць, але асноўны час матчу так і скончыўся з лікам 0:0. Прабіць галкіпера „шашачных” Лівакавіча пяціразовым чэмпіёнам свету ўдалося толькі ў канцы першага дадатковага тайма. Наперад Бразілію вывеў шматгадовы лідэр зборнай Неймар, які тым самым зраўняўся па галах за нацыянальную каманду з легендай сусветнага футбола Пеле – 77 мячоў. Аднак на 117-й хвіліне форвард харватаў Бруна Петкавіч зраўняў лічбы на табло. У выніку пераможца сустрэчы вызначыўся ў серыі 11-метровых, дзе каманда Харватыі зноў апынулася больш дакладнай – 4:2.
Такім чынам, бразільцы засталіся без паўфіналу чэмпіянату свету чацвёрты раз з пяці апошніх спробаў.

Зборная Аргенціны стала другім паўфіналістам абгуляўшы каманду Нідэрландаў.
Лік у сустрэчы „аранжавых” і „бела-блакітных” быў адкрыты на 35-й хвіліне, калі перадачай Ліянэля Месі скарыстаўся абаронца аргенцінцаў Науэль Моліна. У другой палове вызначыўся і сам Месі, рэалізаваўшы адзінаццаціметровы ўдар і падвоіўшы перавагу ў ліку. Аднак хлопцы Луі ван Гала не здаліся: незадоўга да заканчэння асноўнага часу Ваўт Вегхорст скараціў адставанне, а на 11-й кампенсаванай хвіліне ён жа перавёў сустрэчу ў экстра-таймы – 2:2. Паўгадзіны дадатковага часу пераможцу таксама не выявілі, і лёс другога чвэрцьфіналу запар вырашыўся ў серыі пасляматчавых пенальці. Шчаслівы білет у латарэі выцягнулі паўднёваамерыканцы 4:3.
„Нью-Джэрсі” вызначыўся чатыры разы, але прайграў. Шаранговіч балаў не набраў
Адбыўся чарговы матч рэгулярнага сезона НХЛ, у якім „Нью-Джэрсі”, за які выступае беларускі нападнік Ягор Шаранговіч, пацярпеў паразу ад „Айлендэрс” — 4:6. Беларус адыграў 13 хвілін 13 секунд, заблакаваў два кідкі апанента і завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці „-1”.
„Вашынгтон” нанёс паразу „Сіэтлу” 4:1. Беларускі форвард гаспадароў Аляксей Протас правёў на лёдзе 7 хвілін 57 секунд, за якія нанёс два кідкі, зрабіў два сілавыя прыёмы і заблакаваў адзін стрэл суперніка. Паказчык карыснасці – „0”.
Хакеісты „Шахцёра” разграмілі „Магілёў”
У пятніцу трыма матчамі ў Салігорску, Оршы і Наваполацку прадоўжыўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. Лідэр сезона „Шахцёр” на хатняй арэне не адчуў праблем з горшай камандай турніру „Магілёвам” – 6:0, прычым усе шайбы за салігарчан закінулі шэсць розных гульцоў. „Гарнякі” працягнулі пераможную серыю да 6 матчаў, для „Магілёва”, наадварот, гэтая няўдача стала 16-й запар. Два іншыя паядынкі вечара скончыліся з аднолькавым лікам 2:1. „Ліда” ў гасцях дзякуючы дублю Рэната Сафіна нанесла паразу „Хіміку”, а аршанскі „Лакаматыў” у авертайме справіўся з „Віцебскам”.
Гандбалісты СКА саступілі „Пермскім мядзведзям”
У дывізіёне „Усход” SEHA-лігі ў матчы чацвёртага тура віцэ-чэмпіён Беларусі менскі СКА прайграў у сталічным спарткомплексе „Уручча” гандбалістам „Пермскіх мядзведзяў” з лікам 30:35.
У квартэце B чэмпіён Беларусі „Мяшкоў Брэст” cёння згуляе ў Магілёве супраць „Машэкі”. Магілёўцы пакуль не набралі ніводнага заліковага бала.
БК „Мінск” прайграў ЦСКА ў Адзінай лізе ВТБ
Баскетбалісты „Мінска” прайгралі маскоўскаму ЦСКА ў хатнім паядынку рэгулярнага чэмпіянату Адзінай лігі ВТБ.
У матчы з лідэрам „банкаўскага” турніру падначаленыя Расціслава Вергуна саступілі з лікам 66:101. Гэтая вікторыя стала для ЦСКА 15-й у 15 праведзеных гульнях. Мінчане пацярпелі 13-ю паразу, маючы ў сваім актыве толькі адну вікторыю ў 14 праведзеных гульнях.
Беларускае Радыё Рацыя