Зборная Нідэрландаў перамагла палякаў
Зборная Італіі на выездзе перамагла каманду Босніі і Герцагавіны ў заключным туры групавога этапу Лігі нацый – 2:0. У іншай сустрэчы зборная Нідэрландаў абыграла палякаў – 2:1. На гол Юзвяка ўжо на 5-й хвіліне гульні каманда Франка Дэ Бура адказала дакладным пенальці Дэпая і голам Вейналдуама на 84-й хвіліне сустрэчы.
Зборная Расеі нечакана разгромна прайграла зборнай Сербіі ў гасцявым матчы Лігі нацый з лікам 0:5. Расея, якая грае ў другой па сіле Лізе B, разлічвала на перамогу, каб у наступным годзе перайсці ў самую моцную Лігу А. У сваю чаргу, зборная Сербіі, якая займала да гэтага апошні радок у групе, практычна напэўна павінна была перайсці ў больш нізкую Лігу C (дзе, дарэчы, знаходзіцца зборная Беларусі). Аднак усё пайшло не па плане расейцаў. Ужо пасля першага тайма яны прайгравалі 0:4.
Цяпер у Лігу А нечакана выходзіць Вугоршчына, якая на сваім полі перамагла Турцыю 2:0, а Сербія з Расеяй застаюцца ў Лізе В. Апошні радок у групе заняла Турцыя – яна вылятае ў Лігу С.
Зборная Чэхіі перамагла каманду Славакіі 2:0. У іншай сустрэчы зборныя Аўстрыі і Нарвегіі згулялі ўнічыю – 1:1. Зборная Англіі разграміла каманду Ісландыі – 4:0. У іншай сустрэчы зборная Бельгіі перамагла датчанаў – 4:2.
„Мяшкоў Брэст” згуляў унічыю з гандбалістамі „Фленсбурга” ў Лізе чэмпіёнаў
Пасля трохтыднёвага перапынку аднавіліся гульні групавога этапу гандбольнай Лігі чэмпіёнаў. Чэмпіён Беларусі „Мяшкоў Брэст” у чарговай сустрэчы папярэдняй групы А на выездзе згуляў унічыю з нямецкім „Фленсбургам” – 29:29. У першым тайме супернікі па чарзе выходзілі наперад, але на перапынак лідэрамі сышлі гаспадары – 13:11. У другой палове сустрэчы гульня таксама ішла мяч у мяч, за 10 секунд да фінальнай сірэны берасцейцы выйгравалі адзін мяч, але гаспадарам удалося правесці хуткую атаку і сысці ад паразы. Праз тыдзень, 25 лістапада гэтыя каманды сустрэнуцца на пляцоўцы берасцейскага спарткомплексу „Вікторыя”.
„Рэал” знайшоў замену ў выпадку сыходу Рамоса
„Рэал” праяўляе цікавасць да абаронцы „Баварыі” Давіду Алабе, паведамляе AS. Адзначаецца, што мадрыдцы разглядаюць варыянт з 28-гадовым аўстрыйцам, калі ім не атрымаецца падоўжыць кантракт з Серхіа Рамасам. Пагадненне Рамаса заканчваецца ў канцы гэтага сезона. Раней паведамлялася, што 34-гадовы футбаліст хоча падпісаць новы двухгадовы кантракт з павышэннем зарплаты. Мадрыдцы хочуць заключыць кантракт на год з ранейшай заробкам. Рамаса хоча набыць „ПСЖ”, які прапануе яму пагадненне на тры гады, – перадае sport-express.ru.
Беларускае Радыё Рацыя